Юсу Н'Дур балатуецца як кандыдат ад апазіцыі ў прэзідэнты Сенегала

+ відэа 7 Seconds

Н’Дур — не толькі выдатны музыка, але і сёння адзін з лідараў сенегальскай апазіцыі.

03.01.2012 / 09:51

Знакаміты музыка Юсу Н'Дур абвясціў пра намер балатавацца на пасаду прэзідэнта Сенегала.

Супернікам Юсу на выбарах, прызначаных на люты, будзе дзеючы кіраўнік краіны Абдулай Вад, які ідзе на трэці тэрмін.

Сенегальская апазіцыя лічыць, што трэці тэрмін Вада, які знаходзіцца ва ўладзе ўжо 11 гадоў, будзе супярэчыць Канстытуцыі краіны.

Летам 2011 г. з-за прапанаваных Вадам паправак у выбарчае заканадаўства краіны ў Сенегале адбыліся самыя масавыя за час яго знаходжання на пасадзе прэзідэнта акцыі пратэсту. У выніку папраўкі, адна з якіх прапаноўвала аб'яўляць пераможцам выбараў кандыдата, які набраў толькі 25% галасоў, прынятыя не былі.

Юсу Н'Дур стаў прыкметнай фігурай у сенегальскай апазіцыі толькі ў апошнія некалькі месяцаў,
але раней ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, быў, у прыватнасці, паслом добрай волі ЮНІСЕФ.

Сусветную вядомасць Юсу Н'Дуру прынёс уласны музычны стыль, які спалучае народную сенегальскую музыку з сальсай, джазам і хіп-хопам.

Самай папулярнай кампазіцыяй ў выкананні Юсу Н'Дура з'яўляецца "7 seconds" - дуэт з Ненай Чэры, запісаная ў 1994 г.