Злачынная група дзейнічала на мясакамбінаце

03.01.2012 / 13:46

Упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінскай вобласці і Мінску распачало крымінальную справу ў дачыненні да арганізатараў злачыннай групы, якая займалася незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю з выкарыстаннем дакументаў лжэпрадпрымальніцкіх структур.

Як паведаміла прэс-служба КДК, у склад гэтай групы акрамя іншых удзельнікаў уваходзілі былыя і дзейныя службовыя асобы аднаго з мясакамбінатаў Мінскай вобласці.

Арганізаваная злачынная група дзейнічала з 2009 года па кастрычнік 2011 года. За гэты час яе ўдзельнікі атрымалі незаконны даход прыкладна 1,3 млрд. рублёў.

У сваёй дзейнасці ўдзельнікі злачыннай групы выкарыстоўвалі рэквізіты, дакументы і пячаткі трох камерцыйных прадпрыемстваў, якія мелі прыкметы лжэпрадпрымальніцкіх структур. Праз гэтыя фірмы ажыццяўлялася пастаўка розных тавараў (запасныя часткі да аўтамабіляў, аўтамабільныя шыны, камп'ютарная тэхніка, набытыя на рынках за наяўны разлік) на адрас аднаго з мясакамбінатаў Мінскай вобласці, а ў якасці аплаты за пастаўленыя тавары мясакамбінат на адрас лжэструктур ажыццяўляў адгрузку мясапрадукцыі. У далейшым мясная прадукцыя выводзілася з легальнага абароту і прадавалася на сталічных рынках, а таксама вывозілася ў Расійскую Федэрацыю і рэалізоўвалася там за наяўны разлік.

Падчас праведзеных аператыўна-следчых мерапрыемстваў накладзены арышт на маёмасць, якая належыць фігурантам і выкарыстоўвалася імі ў супрацьпраўнай дзейнасці на агульную суму не менш як 500 млн. рублёў. У дачыненні да пяцярых удзельнікаў злачыннай групы распачата крымінальная справа па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 233 КК Рэспублікі Беларусь (ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы). Дзейныя і былыя службовыя асобы мясакамбіната затрыманыя.