Расеец прыехаў у Беларусь, каб замовіць тры iPhone і абрабаваць кур'ера

Міліцыя мяркуе, што ён датычны да здзяйснення шэрагу аналагічных злачынстваў у сталіцы.

20.01.2012 / 17:56

Цэнтральнае РУУС Мінска праводзіць праверку па факце спробы рабавання невядомым інтэрнэт-крамы.

Як паведаміла прэс-афіцэр РУУС Святлана Кабкова, 18 студзеня аператыўнікі затрымалі грамадзяніна Расіі, які прадставіўся Сяргеем Паўлавічам Неўскім. У Мінску ён на суткі арандаваў кватэру па вуліцы Кісялёва пад імем Сяргея Іванавіча Кулікова. У міліцыі ёсць падставы меркаваць, што абодва імёны выдуманыя. Як стала вядома, расеец замовіў у інтэрнэт-краме тры мабільныя тэлефоны Apрle iPhone агульным коштам $3 тысячы.

Кур'ера, які даставіў тавар, мужчына сустрэў у медыцынскай масцы, растлумачыўшы, што хворы на сухоты.
Аднак прычыны для выкарыстання маскі былі іншыя — пакупнік намерваўся абрабаваць работніка інтэрнэт-крамы, але не паспеў, паколькі яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Цяпер патэнцыйны рабаўнік знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Міліцыя спрабуе высветліць яго асобу. У аператыўнікаў ёсць падставы меркаваць, што

затрыманы датычны да здзяйснення шэрагу аналагічных злачынстваў у сталіцы.