Еўраньюс: «Спыніце Лукашэнку»
Беларусы Страсбурга сабраліся каля Рады Еўропы, патрабуючы, каб кантынент змагаўся за Беларусь.
27.01.2012 / 08:55
«Спыніце Лукашэнку!» — плакаты невялікай групы беларусаў, якія прыйшлі на акцыю да будынку Рады Еўропы ў Страсбургу.Яны хочуць нагадаць еўрапейцам аб парушэнні правоў чалавека на сваёй радзіме, і, па іх словах, «ускалыхнуць» парламентарыяў: санкцыі супраць Мінска, падобна, так і не працуюць.
У 2006 годзе ён знайшоў прытулак у Францыі.29-гадовага Паўла Хівука ў Беларусі двойчы асуджалі за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях.
«17 гадоў — усё адно і тое ж, — кажа ён. —Людзі сёння, з аднаго боку, супраць рэжыму, але ў той жа час і супраць саміх сябе: на вуліцы яны абавязаны казаць журналістам, што ўсё добра, усё будзе добра, інакш яны страцяць працу. Такія размовы можна весці толькі на кухні, дома».
Пленарная асамблея Рады Еўропы прыняла ў сераду рэзалюцыю, зноў патрабуе ад Мінска вызваліць палітычных зняволеных, увесці мараторый на смяротнае пакаранне і ўстаць на шлях поўнай яе адмены.
Аўтар рэзалюцыі — дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэс Херкель: «У краіне ўсё менш свабод, значна менш, калі параўноўваць з сітуацыяй да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Вельмі шмат палітычных зняволеных, абаронцаў правоў чалавека пераследуюць, прызначаюцца смяротныя прысуды, нават калі вынік расследавання далёка не пераканаўчы. Мой галоўны вывад — сітуацыя пагаршаецца».
У рэзалюцыі згадваецца смяротны прысуд Канавалаву і Кавалёву.Летась іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі тэракта ў мінскім метро, ахвярамі якога сталі 15 чалавек. Адвакаты заявілі, што доказаў недастаткова; асуджаныя распавядалі, што падвяргаліся катаванням.
Па паведамленнях з Беларусі, месца і час смяротнага пакарання трымаюць у сакрэце, а сваякам нават не выдаюць цела.
Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава, упэўненая ў невінаватасці сына, прыехала ў Страсбург:«Тое, што я не магу знайсці справядлівасці ў нас у краіне, мяне падштурхнула звярнуцца сюды па дапамогу. У нас у Беларусі адмяніць рэзка смяротнае пакаранне нельга, трэба склікаць рэферэндум; але хацелася б хоць бы ўвесці мараторый, гэта можна».
ПАРЕ запатрабавала ад Мінска адмяніць смяротны прысуд Кавалёву і Канавалаву.
Дарэчы, у самой Беларусі трансляцыю тэлеканала Euronews кабельныя сеткі МТІС спынілі з 1 студзеня.Гэта прытым што расейская версія канала падавала падзеі ў Беларусі больш стрымана, чым астатнія моўныя версіі. «Еўраньюс» быў апошнім агульнадаступным праз кабельныя сеткі ў Беларусі навінным каналам, незалежным ад лукашэнкаўцаў.