Рымашэўскі: Удзел у выбарах без выканання нашых умоваў — гульня на баку ўлады

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі адзіна правільным сцэнарам перад выбарамі бачыць ультыматум уладзе.

27.01.2012 / 10:55

Ён лічыць, што ў дэмакратычных сіл хопіць рэсурсаў, каб правесці поўнамаштабную палітычную кампанію.

— У нас ёсць свой сцэнар, і нам здаецца, што менавіта гэты сцэнар аптымальны і адзіна рэальны, які можна рэалізаваць у нашых беларускіх умовах. Сутнасць яго ва ўльтыматуме ўладзе. У ім утрымліваюцца патрабаванні аб вызваленні палітычных зняволеных і правядзенні дэмакратычных рэформаў. Хоць бы на ўзроўні падліку галасоў. Калі зняволеныя выходзяць на свабоду і нам даюць зразумець, што ў камісіі будуць уключаць прадстаўнікоў дэмакратычных партый, грамадзянскай супольнасці, тады ёсць сэнс удзельнічаць у кампаніі. Выбарамі я гэта ўсё роўна не назаву. Але ўдзельнічаць у палітычнай кампаніі тады трэба. І трэба заставацца ў ёй да дня галасавання, каб выбаршчыкі мелі магчымасць зрабіць свой выбар.

Калі ж улада не ідзе на гэтыя крокі да пэўнага часу, то тады пачынаецца кампанія актыўнага байкоту.
«Беларуская хрысціянская дэмакратыя» на сваёй апошняй радзе вырашыла, што крайні тэрмін мы беларускім уладам даем — да 25 сакавіка.

Цяпер на сустрэчах «кааліцыі шасці» разглядаюцца розныя сцэнары нашых паводзінаў на выбарах, але асабіста для мяне прыярытэтам з’яўляецца захаванне адзінства дэмакратычных сілаў. Перш за ўсё мы павінныя памятаць, што мы прадстаўнікі не таталітарных, а маральных рэжымаў — мы дэмакраты. І я лічу, што немагчыма, каб людзі галасавалі за так званых незалежных кандыдатаў, калі за кратамі сядзяць палітвязні! Гэта ў нас на першым месцы ў прыярытэтах. А на другім — аб’яднанне дэмакратычных сіл. Мы не павінныя паўтараць памылак, якія рабілі апошнія 10 гадоў. Калі мы самі сябе дыскрэдытавалі, калі апазіцыянеры публічна сварыліся. І калі цяпер у нас будзе два сцэнары, адзін — за радыкальны байкот, другі — за поўны ўдзел у выбарах, вось гэта будзе сапраўдная параза на наступных выбарах.

Цяпер у нас праходзіць дыскусія. І прынцыповых адрозненняў у пазіцыі іншых удзельнікаў кааліцыі шасці з праграмай БХД няма. Ідзе размова пра тактыку, хутчэй пра тэхнічнае выкананне.

— Як вы лічыце, ці хопіць сёння ў апазіцыі сіл на правядзенне дзейснай кампаніі актыўнага байкоту выбараў?

— Я лічу, што ў беларускіх дэмакратычных сіл дастаткова рэсурсаў для правядзення дзейснай, поўнамаштабнай палітычнай кампаніі 2012 года. Але ўмовай паспяховасці гэтай кампаніі з’яўляецца адзінства дэмакратычных сіл, агульны сцэнар. І каб мы не падыгрывалі рэжыму, а змагаліся за свабоду, дэмакратыю, свабодныя выбары і вызваленне палітвязняў. І калі адзінства будзе, і будзе гэта адзінства ў сумесных дзеяннях, то ў нас атрымаецца ўсё задуманае. А гэта свабодныя выбары ў перспектыве. Таму я лічу, што няважна, у якой форме кампанія будзе праводзіцца — байкот гэта будзе ці ўдзел. Галоўнае, каб нашы ўмовы былі выкананыя. Удзел без выканання гэтых умоваў — гульня на баку ўлады.

— У выпадку ўдзелу ў выбарах як будзеце паміж сабой дзяліць выбарчыя акругі?

— Як раз вакол гэта пытання спрэчак не будзе. Цяпер у Гомелі ўсе дэмакратычныя сілы працуюць разам. І гэта прыклад нам усім. Яны там паміж сабой акругі падзялілі без усякіх праблем і вядуць актыўную працу з насельніцтвам. Людзям расказваюць пра ўмовы, якія апазіцыя плануе выставіць уладзе, пра тое, як у рэчаіснасці ў нас праходзяць выбары. Людзі працуюць. І ніхто не пасварыўся, «дзелячы» акругі. Думаю, і для нас гэта будзе самым простым. Калі да гэтага дойдзе», — сказаў Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю euramost.org.