Анатоль Лябедзька. Выбары. Сцэнар першы: Дурыбары

Удзельнічаць у запланаваных на восень 2012 парламенцкіх выбарах ці байкатаваць іх? У кожнага з прыхільнікаў гэтых сцэнароў — свая праўда.

27.01.2012 / 11:13

І гэта нармальна! Ненармальна, калі няма цывілізаванай дыскусіі. Катэгарычнасці, безапеляцыйнасці за 17 гадоў наеліся ўдосталь. Да млоснасці.

Першы сцэнар: «Дурыбары»

Я ўявіў сябе ў складзе журы, якое мусіць выбраць найлепшую дакументальную стужку па выніках выбарчай кампаніі ў Беларусі. І вось што ў мяне атрымалася.

На экране вялікія тытры — «Дурыбары». Карціна створаная па неарыгінальным сцэнары рэжысёра А. Лукашэнкі, які ўжо добра надакучыў гледачам.
Галоўныя дзейныя асобы, прапісаныя ў сцэнары, — Л. Ярмошына, Куляшоў, Зайцаў і сям’я самога аўтара палітычнага трылера. Усім астатнім адведзенае месца ў масоўцы. Па экране праслізгваюць, нібы намыленыя, твары кандыдатаў, палітыкаў, экспертаў.
Ёсць яшчэ адзін герой карціны. Імя яго вядомае, але вобраз цьмяны і няўлоўны. Гэта народ.
На яго спасылаюцца, ад яго імя і ў імя яго прымаюць рашэнні, але сам ён ні разу не з’яўляецца ў кадры.

Фільм падкупляе сваёй прастатой. Ні глыбока схаванай інтрыгі, ні сюжэту, у лабірынтах якога можна заблукаць.

Такім чынам, час дзеяння — 2012 год. Беларусь зноў цяжарная выбарамі.

Усё, што адбываецца, — ксеракопія падзей чатырохгадовай даўніны.
Толькі дзве новыя радзімкі з’явіліся на фізіяноміі выбарчай кампаніі: як і раней, усе 110 дэпутатаў палаты прадстаўнікоў прайшлі працэдуру прызначэння, толькі адказнымі за складанне спісу прызначэнцаў гэтым разам прызначаныя «губернатары», ды яшчэ ў Чырвоным доме вырашылі прызначыць дэпутатамі некалькі чалавек, якія маюць сяброўства ў апазіцыйных структурах.

Сярод прадстаўнікоў саміх гэтых апазіцыйных структур ёсць група людзей, гатовых узяць удзел у ажыццяўленні такога сцэнару. Іх набор аргументаў выглядае так:

— Не ўдзельнічаеш — значыць, не працуеш з выбаршчыкам. Крызіс і нізкая папулярнасць улады — гэта шанец істотна павялічыць колькасць прыхільнікаў пераменаў.

— Толькі праз удзел можна сабраць і прад’явіць доказы фальсіфікацый і неадпаведнасці выбарчай кампаніі стандартам АБСЕ.

— На арганізацыю байкоту няма нават мінімальных фінансавых рэсурсаў.

— Няма ў кампаніі апазіцыі — значыць, ва ўладзе няма матывацыі нешта парушаць, а гэта можа стварыць перадумовы для легітымацыі вынікаў выбараў на міжнароднай арэне.

Некаторае ажыўленне выклікала фармаванне групы «канструктыўнай апазіцыі» ў будучай палаце. Галоўны крытэр — прыналежнасць да апазіцыйнай партыі і таўшчыня папкі з кампраматам. Ляўковіч прыкладае каласальныя намаганні, каб усунуць сваё схуднелае за час знаходжання ў апазіцыі цела ў гэты спіс. Генерал Зайцаў травеньскім днём з папкай спяшаецца ў Чырвоны дом. Гэта дасье на тых, што прайшлі адбор. Кіраўнік прыдзірліва доўга вывучае спіс і нарэшце ручкай з залатым пяром накладвае рэзалюцыю «Ухваляю!» Пры гэтым не забыўшыся кінуць у бок пазалочаных эпалет «Галавой адказваеш». Галава тут жа кіўнула ў адказ. Краіна атрымала першых парламентарыяў за чатыры месяцы да старту самай кампаніі.

Фармаванне выбарчых камісій. Гэта ключавы пункт выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў.

Да падліку галасоў дапусцілі толькі тых, хто здаў залік па курсе «Маніпуляванне і фальсіфікацыі».
Пару дзясяткаў апазіцыянераў, уключаных ва ўчастковыя камісіі, адправілі на закрытыя ўчасткі для галасавання або на тэрыторыі з інтэрнатамі, дзе пражывае спецназ.

Ход кампаніі. Большасць вядомых апанентаў улады праігнаравала кампанію. Ніхто так і не змог растлумачыць Багданкевічу, Чыгіру, Казуліну, Баршчэўскаму, Дабравольскаму і іншым цяжкавагавікам, навошта гуляць з Лукашэнкам, у якога з шасці карт шэсць тузоў і ўсе — казырныя.

Даносілі альтэрнатыўнае пасланне да выбаршчыкаў маладыя і ўсе астатнія.
Кожны казаў у цэлым правільныя рэчы, але пры гэтым кожны пра сваё. Сказанае рассеялася, ледзь выпаўшы з рота. Агульнага мэсіджу не атрымалася. Некаторых выступоўцаў, напэўна, лепш было б і не пускаць у эфір. Затое зарэгістравалі ўсіх ахвотных звацца кандыдатам у дэпутаты.
Народ хацеў галасаваць, а вось выбаршчыкі — не. Першае сцвярджала БТ, другое — рэчаіснасць.
Рэзка ўзрос попыт на паганятых. На датэрміновае галасаванне гналі тых, што сядзяць на кантракце, стаяць у чарзе на жыллё, ляжаць на бальнічным ложку. Гналі студэнтаў, чыноўнікаў, салдат. Пугай і пернікам.

На выбарчыя ўчасткі сышлі ўрад і вертыкаль. Латушка і яго ведамства танчылі. Міністр гандлю і яго падначаленыя разлівалі танную гарэлку. Старшыні выканкамаў не выпускалі з рук калькулятараў, чаруючы над патрэбнымі лічбамі, адсоткамі.

На вуліцы быў прыкметны некаторы разгул дэмакратыі.
Гэта кідалася ў вочы пасля амаль двух гадоў забаронаў і табу. У асобных дэмакратычных прэтэндэнтаў здарылася галавакружэнне ад поспехаў. Незнаёмыя людзі на вуліцы паціскалі ім рукі. Пах перамогі нервова казытаў голыя амбіцыі. Яны прасілі выбаршчыка падтрымаць іх голасам. Выбаршчык нёс сваю падтрымку і кідаў у скрыню для галасавання.

Падлік галасоў. Назіральнікі назіралі за падлікам галасоў з-за пляча міліцыянта. На адлегласці 6–7 метраў былі выразна бачныя патыліцы, спіны і месцы ніжэй. Шамацелі бюлетэні. Кожны сябра камісіі, нешта напісаўшы на жмутку паперы, перадаваў яе свайму начальніку, а па сумяшчальніцтве — старшыні камісіі. Дзе-нідзе ўжо праз 15 хвілін пасля пачатку падліку стосы бюлетэняў загарнулі ў абгортку.

Людзі галасавалі бюлетэнямі. Камісіі — пратаколамі.
Праз тры дні попел спаленых бюлетэняў развеяны над краінай. Толькі сухія і бязлітасныя лічбы. У адпаведнасці з якімі зусім невядомыя ў краіне персанажы ўжо ў першым туры атрымалі падтрымку большасці выбаршчыкаў.
Вынікі. Ярмошына выйграла заклад у Лазавіка на слоік згушчонкі: апазіцыя ўзяла ўдзел у выбарчай кампаніі без правілаў.

Усё астатняе засталося без зменаў.