Міфы беларускія: «Паспрабуйце прагуляцца па Парыжы ў шортах»

27.01.2012 / 11:38

Старшыня Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці Ніна Фральцова пракаментавала эратычную фотасесію ў метро.

— Абсалютна не здзіўляюся і таму, што нідзе няма словаў асуджэння гэтага ўчынку, — заявіла Фральцова «Белгазете». — Чаго асуджаць, калі досыць паглядзець, як апранутыя летам нашы студэнткі — падкрэсліваюць формы, агаляюць жываты. На Захадзе гэта мода для бедных, прычым не еўрапейцаў, а людзей іншых расаў, але ў нас чамусьці лічыцца, што гэта «от куцюр». Паспрабуйце прагуляцца па Парыжы ў шортах, з голымі нагамі, каб майка была вышэй пупа — вас напэўна спыніць паліцыя…

Добра хоць старшыня экспертнай камісіі не дадала, што менавіта за непрыстойнае адзенне да гэтага часу лінчуюць неграў у Амерыцы.

— На сітуацыю з аголенай дзяўчынай у мінскім метрапалітэне, якую, паводле агучанай інфармацыі, аштрафавалі за дробнае хуліганства, можна ж паглядзець і пад іншым вуглом,
 — працягвае Фральцова. — У Беларусі з удзелам Інтэрпола расследавалася не адна крымінальная справа, звязаная з тым, што менавіта сярод нашых дзяўчат знаходзіліся тыя, хто за невялікую плату згаджаўся займацца пэўным відам дзейнасці, прычым у рэжыме анлайн-трансляцыі праз інтэрнэт… Хто цяпер можа адмаўляць або сцвярджаць, што фатограф, які праводзіў здымку ў метро, рабіў гэта, каб пасваволіць? Не выключаю, што ён, магчыма, паспрачаўся з дзяўчынай, да прыкладу, на 50 даляраў, што яна пабаіцца здымацца, а ў яе ўспыхнуў азарт. А можа, усё было па-іншаму, і гэтая фотасесія — своеасаблівая праверка новай працоўнай сілы.

Зрэшты, як выявілася, пачуццё гумару ўсё ж не чужое кіраўніку «антыпарнаграфічнай» камісіі.

— Адчуваецца моцная, клапатлівая рука дзяржавы — студэнтаў вызвалілі ад платы за праезд у грамадскім транспарце, у якім яны і раз’язджаюць топлес, — смеючыся, падагульніла Ніна Фральцова.