«Баявы конь» Стывена Спілберга
Карціна, што намінуецца на «Оскара», у менскім пракаце.
30.01.2012 / 15:55
ЗША, 2011, каляровы, 146 хв.
Рэжысёр: Стывен Спілберг
Ролі выконваюць: Джэрэмі Ірвін, Пітэр Мулан, Эмілі Ўотсан, Нільс Арэструп, Дэйвід Цьюліс, Бенедэкт Камбербэтч, Селін Бакенс
Жанр: Гісторыка-эпічная ваенная меладрама паводле раману Майкла Марпурга
Адзнака: 6 (з 10)
Юны Альберт прывязаўся да каня Джоўі, якога бацька купіў на апошнія грошы. Калі пачалася Першая сусветная вайна, конь адправіўся на фронт. Альберт абяцаў, што знойдзе й выратуе свайго сябра.
Стужка Стывена Спілберга — каліграфічна-сентыментальны варыянт «Выратавання жаўнера Раяна» з кадрамі пад забытыя вэстэрны.Жаўнер — конь, які пераходзіць ад арміі да арміі, перабягае праз лінію фронту, вязне ў калючым дроце й дэманструе цуды выжывання. Як здараецца ў дзіцячых фільмах Спілберга, дапамагаюць пакутніку людзі з чыстым сэрцам: ангельскі афіцэр, француская дзяўчынка, нямецкія браты, трагічна расстраляныя каля млыну.
Рэжысёр надзвычай далікатна абмінае ўсялякія кадры гвалту:гаворыць сама прырода — пранізлівым сінім небам, залацістым жытам і ўзнёслай музыкай Джона Ўільямса. Прыгажосць, адцененая шырокім экранам, сутыкаецца з шэрымі дэкарацыямі акопаў і кулямётных кропак. Белы снег дорыць сустрэчу й спачуванне.
Стужка вылучаная на сёлетні «Оскар» у галоўнае намінацыі «Лепшы фільм» а таксама за свае візуальныя якасці, гук і музыку.