Рыгор Шэрда. Драпежны рай

даслаў чытач

12.02.2012 / 11:07

Драпежны рай. Глядзець даўно абрыдла
На шчодрасці пануючай рукі.
Інтэлігентаў быдла лічыць… быдлам,
Займеўшы дарагія пінжакі…

Так званы «трэці свет» — ліхі, падступны —
Найлепшыя саюзнікі, браты!
Адгладжаных прамоваў подых трупны
Прарочыць панаванне Пустаты…

Не перашкода — шоу супрацьстаяння:
Расклалі апазіцыю, як б.дзь.
А нацыі няма — няма паўстання,
Хоць час — змяняць, хоць час — перамагаць!

Мы — волатаў здрабнелыя нашчадкі,
Мы — злыдняў родных поўная сям’я!
Драпежны рай. Ганебныя парадкі.
Краіна непрытульная мая…