Палітыка дубінкі: Расія забараняе пастаўкі ўкраінскага сыру

Расспажыўнагляд з 7 лютага ўводзіць забарону на ўвоз у Расію сыроў некаторых украінскіх вытворцаў. У Кіеве сцвярджаюць, што ўжо вядуць перамовы аб пастаўках сыроў у Еўрасаюз.

07.02.2012 / 10:51

Урадавы ўпаўнаважаны па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Украіны Валерый Пятніцкі выказаў упэўненасць, што сыр украінскай вытворчасці будзе мець добрую перспектыву на рынку Еўрапейскага саюза пасля падпісання пагаднення аб зоне свабоднага гандлю.

Адказваючы на пытанне пра тое, чаму Расспажыўнагляд сур’ёзна крытыкуе якасць украінскіх сыроў і збіраецца ўвесці забарону на ўвоз сырнай прадукцыі некаторых украінскіх вытворцаў, Пятніцкі сказаў: «Вы ведаеце, любы рынак, ці то рынак сыру ці то які іншы, — гэта рынак дастаткова жорсткай канкурэнцыі. Зразумела, што так ці інакш расійскі бізнэс, які працуе ў гэтым сектары, расце, нарошчвае свае магутнасці, і, вядома, ім патрэбная пэўная рынкавая прастора».

«Калі не расійскі рынак, то на сённяшні дзень у нас, мне здаецца, ёсць выдатная перспектыва. Еўрапейскі рынак таксама складаны, ён вельмі канкурэнтны, але і аб’ёмы спажывання ў яго іншыя. З іншага боку, гэта і сігнал для нашага спажыўца, што нас чакае вышэйшая якасць нашай прадукцыі, мы будзем спажываць лепшы сыр», — адзначыў ён.

Забарона ўкраінскіх сыроў устала ў адзін шэраг з забаронамі на беларускую малочку, малдаўскія віны і грузінскія мінеральныя воды. Штораз яны ўзнікалі, калі Расія спрабавала дабіцца ад суседак палітычных саступак. У выпадку з Беларуссю Масква дабілася перамогі, Грузія і Малдова не паддаліся расійскаму дыктату.