Новым прэм'ер-міністрам Румыніі прызначаны кіраўнік службы замежнай разведкі

Прэзідэнт Румыніі прызначыў на пасаду прэм'ер-міністра краіны кіраўніка службы замежнай разведкі Міхая Рэзвана Унгурана, яму таксама даручана сфармаваць новы ўрад.

07.02.2012 / 10:57

У панядзелак кіраўнік урада Румыніі Эміль Бок паведаміў пра сыход у адстаўку пасля некалькіх тыдняў масавага пратэсту грамадскасці супраць уведзеных ім жорсткіх мер эканоміі.

Новы прэм’ер-міністр павінен на працягу дзесяці дзён абвясціць склад новага кабінета міністраў і падрыхтаваць праект урадавай праграмы, а таксама накіраваць у парламент запыт правесці галасаванне аб вынясенні вотуму даверу.

Акцыі пратэсту пачаліся ў сталіцы краіны яшчэ 12 студзеня. Амаль штодня маніфестанты праходзілі шэсцем па цэнтры Бухарэста, патрабуючы адправіць у адстаўку ўрад і прэзідэнта краіны Траяна Бэсеску.