Тэрмін расследавання справы ў дачыненні да Полудня працягнуты да чэрвеня

Тэрмін утрымання пад вартай працягнуты да 6 чэрвеня.

07.02.2012 / 10:59

Тэрмін расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Яўгена Полудня і тэрмін утрымання абвінавачанага пад вартай працягнуты да 6 чэрвеня 2012 года.
Аб гэтым паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта Павел Траулька.

Яўгену Полудню прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). У ходзе папярэдняга следства правяраюцца новыя звесткі аб учыненні ім іншых злачынстваў супраць інтарэсаў службы, а таксама датычнасць службовых асоб праваахоўных органаў да супрацьпраўнай дзейнасці былога намесніка міністра.

Нагадаем, высокі міліцэйскі чыноўнік быў затрыманы 8 снежня, крымінальная справа ў дачыненні да яго Генеральная пракуратура распачала ў той жа дзень. 15 снежня Полудню было прад’яўлена абвінавачанне ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

27 снежня палкоўнік міліцыі Яўгена Полудзень указам прэзідэнта быў вызвалены ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і звольнены з органаў унутраных спраў у запас Узброеных сіл.