Вядучая энергабудаўнічая арганізацыя Беларусі трапіла ў поле зроку Следчага камітэта
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб РУП «Беларускі цеплаэнергетычны інстытут»,
07.02.2012 / 12:10
якія падазраюцца ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў, накіраваных на ўкараненне энергазберагальных тэхналогій.
РУП «Беларускі цеплаэнергетычны інстытут» (БЕЛТЭІ) з’яўляецца сёння галоўным у Беларусі, які спецыялізуецца на стварэнні аўтаматызаваных сістэм кіравання энергетычнымі аб’ектамі, распрацоўцы сістэм уліку ўсіх відаў энергіі і энерганосьбітаў. Апошнім часам РУП «БЕЛТЭІ» заняў адну з галоўных пазіцый у краіне па комплексным праектаванні і будаўніцтве энергааб’ектаў «пад ключ». Штогадовы партфель заказаў прадпрыемства складае больш за 500 выкананых кантрактаў у Беларусі і Расіі.
Прадметам вывучэння следчых СК стала дзейнасць РУП «БЕЛТЭІ» ў перыяд з 2004 па 2007 год. Дарэчы, менавіта ў гэтыя гады, паводле дадзеных урада, Беларусь выдаткавала велізарныя сродкі на рэалізацыю розных праграм па энергазберажэнні, большасць з якіх далі эфект толькі на паперы.
Як паведамілі ў праваахоўных органах Мінска, крымінальная справа заведзеная ў дачыненні да двух загадчыкаў лабараторыі ўліку цеплавой энергіі і лабараторыі ўкаранення энергазберагальных тэхналогій РУП «БЕЛТЭІ».
Ім інкрымінуецца злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле дадзеных аператыўных службаў, падазраваныя, займаючы ў розныя часы пасады загадчыка лабараторыі ўліку цеплавой энергіі і лабараторыі ўкаранення энергазберагальных тэхналогій РУП «БЕЛТЭІ», з кастрычніка 2004 па люты 2007 года ажыццявілі крадзеж на суму каля 55 млн рублёў.
Вядзецца следства.