Месца ў ЖБК Светлагорска каштуе 3 тысячы даляраў

Старшыня аднаго з ЖБК Светлагорска патрабаваў 3 тысячы даляраў за ўключэнне ў склад жыллёвага кааператыва новага ўдзельніка.

07.02.2012 / 12:16

Праваахоўнымі органамі Светлагорска распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да старшыні мясцовага ЖБК і яго знаёмага, які выступіў пасярэднікам у вымагальніцтве буйнога хабару.

Паводле дадзеных праваахоўных органаў, старшыня жыллёвага кааператыва і яго знаёмы, які лічыцца беспрацоўным, патрабавалі ад мясцовага жыхара 3 тысячы даляраў за спрыяльнае вырашэнне пытання аб уключэнні яго ў жыллёва-будаўнічы спажывецкі кааператыў для будаўніцтва кватэры.

Жыхар Светлагорска, які стаў аб’ектам вымагальніцтва, звярнуўся ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі, які і правёў аперацыю па спыненні карупцыйнага злачынства.

У выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у момант атрымання хабару ў памеры 3 тысяч даляраў былі затрыманыя і сам старшыня ЖБК, і яго знаёмы. У дачыненні да затрыманых распачатая крымінальная справа. Вядзецца следства.