Мясніковіч: Беларусь увайшла ў 2012 год без макраэканамічных дысбалансаў

07.02.2012 / 12:31

Пра гэта заявіў сёння на пасяджэнні Саўміна прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

«Фактычна вырашана задача нацыянальнай бяспекі, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

 — Бюджэтна-фінансавая сістэма працуе бездэфіцытна, прыток валюты ў краіну перавышае яе адток, запаволены рост цэн, стабільны валютны і дэпазітны рынкі».
Гэтыя тэндэнцыі трэба замацаваць сістэмна і зрабіць неабарачальнымі, адзначыў Міхаіл Мясніковіч. База для гэтага кіраўніком дзяржавы, урадам і Нацыянальным банкам сфарміравана.

Кіраўнік урада нагадаў, што Беларусь «мае спрыяльныя цэны на дастатковы імпарт энергарэсурсаў, што дае магчымасць эканоміцы працаваць на поўную сілу, без усялякіх абмежаванняў». Створаны максімальныя ў гісторыі Беларусі запасы золатавалютных рэзерваў, сфарміраваны бездэфіцытны бюджэт на 2012 год. «Планы развіцця бягучага года і зачын на 2013 год прыняты на прынцыпах строгага лімітавання эмісіі і інфляцыі, такім чынам вырашаны задачы вялікай дзяржаўнай важнасці для функцыянавання эканомікі», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, усе намаганні дзяржорганаў і прадпрыемстваў сёння неабходна сканцэнтраваць на галоўных напрамках. Асноўны з іх — рост даходаў насельніцтва. Гэта важнейшы прыярытэт 2012 года. «Мы павінны забяспечыць яго на якаснай аснове за кошт стварэння новых і мадэрнізацыі дзеючых рабочых месц, толькі ў строгай увязцы з ростам прадукцыйнасці працы», — рэзюмаваў кіраўнік урада.