Брутальная рэканструкцыя Купалаўскага тэатра

Днямі была знесеная частка будынка.

14.02.2012 / 13:57

Жыхароў Мінска шакуе сённяшні выгляд Купалаўскага тэатра. Падчас яго рэстаўрацыі пры дапамозе цяжкай тэхнікі была разбурана задняя частка будынка, дзе знаходзіліся не толькі адміністратыўныя памяшканні, але і «каробка» сцэны.

«Гэтыя сцены было неабходна дэмантаваць, — кажа архітэктар праекта Раіса Рымашэўская. — Інакш пры працах мог абрынуцца будынак. Ніякай нашай самадзейнасці тут няма — кожнае рашэнне па зносе той ці іншай часткі будынку мы прымаем калегіяльна. То бок, у выпадку гэтай часткі будынка ўзнікла вельмі сур’ёзная сітуацыя, не вырашыўшы якую, мы маглі б паставіць пад пагрозу ўвесь праект. Гістарычны пласт будынка мы максімальна захоўваем,

разбураныя сцены адносіліся да 50-х гадоў XX стагоддзя.

У выніку

тэатр будзе адбудавны згодна з праектам Казлоўскага, створаным ў XIX стагоддзі, будынак набудзе свой першапачтковы выгляд,
і ўсё што можна захаваць, мы абавязкова захаваем», — кажа арзітэктарка.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч кажа, што новыя фота выклікалі ў яго шок. «Апошнія руйнаванні закранулі і аўтэнтычную частку будынка, — кажа Астаповіч. — Дагэтуль „Таварыства аховы помнікаў“ ухваляла план рэстаўрацыі, але

руйнаванне часткі, дзе знаходзілася сцэна, раней у праект не ўваходзіла. Тым больш руйнаванне такім брутальным чынам — пры дапамозе цяжкой тэхнікі,
зразумела, што мы будзем разбірацца з гэтай сітуацыяй, магчыма нават праз праваахоўныя органы».

Да сённяшняга дня, па словах Астаповіча, праект выглядаў вельмі правільным. «Канешне, як пры любой рэстаўрацыі, узнікаюць пэўныя канфлікты. Асноўная праблема тут —

калі адрэстаўраваць тэатр у ягоным першапачатковым выглядзе, ён не зможа функцыяваць як тэатр. Ён ператворыцца ў музей.
Але ж тэатру патрэбны гэты будынак. Таму было прынята рашэнне пра захаванне ўсёй аўтэнтыкі, і бакавыя фасады напрыклад, будуць накрыты „каробкай“ адрэстаўраванага будынку. Інтэр’ер будзе адноўлены паводле праектаў Казлоўскага, і тэатр, дарэчы, пайшоў на беспрэцэдэнтныя меры —
для захавання аўтэнтыкі будзе зменшана колькасць глядацкіх месцаў, што асабліва цяпер, калі ад тэатраў патрабуюць план па наведвальнасці, рашэнне смелае.
У некаторых месцах слой 50-х гадоў даводзіцца руйнаваць, але гэта неабходна для таго, каб тэатр мог нармальна функцыяваць. Але
пасля навінаў, якія з’явіліся сёння, казаць пра захаванне аўтэнтыкі ўжо нашмат складаней», —
адзначае Астаповіч.

«Усе працы па рэканструкцыі-рэстаўрацыі прапісаныя ў дакументах, — кажа начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. — 

Гэта надзвычай складаны аб’ект, падчас пабудовы метро ён увогуле «паехаў».
Што тычыцца абмеркаванняў, то мы з вамі можам колькі заўгодна абмяркоўваць тыя ці іншыя працы на рэканструкцыі, але
ў праекта ёсць архітэктар, ёсць заказчык, ёсць рада, якая прымае такія рашэнні».

«НН» будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Юрась Ускоў