Стаўкі па крэдытах рэзка ідуць уніз, чакаецца падзенне ставак па дэпазітах

Гэта здарылася пасля абвалу ставак на міжбанкаўскім рынку: інфляцыя рэзка знізілася.

21.02.2012 / 16:39

«За апошнія некалькі дзён асноўны аб’ём заявак на крэдыты ад кліентаў ідзе па стаўцы „стаўка рэфінансавання (43% з 15 лютага) плюс 3 працэнтныя пункты“. Яшчэ ў пачатку месяца маржа да стаўкі рэфінансавання складала 12–13 працэнтных пунктаў», — паведаміў прадстаўнік кіраўніцтва аднаго з беларускіх банкаў.

«За два тыдні стаўкі страцілі каля чвэрці свайго значэння. Гэта абвал ставак. Верагодна, нейкія банкі дэмпінгуюць пад ціскам залішняй рублёвай ліквіднасці», — ахарактарызаваў сітуацыю банкір. Паводле яго прагнозу, у найбліжэйшыя два тыдні стаўкі па крэдытах працягнуць зніжацца і сфармуюцца на ўзроўні стаўкі рэфінансавання.

У гэтай сітуацыі ён чакае яшчэ больш рэзкага зніжэння ставак па новых рублёвых дэпазітах,
якія пакуль трымаюцца на ўзроўні, блізкім да 50% гадавых. «Банкі або перастануць браць рублёвыя дэпазіты ў фізічных асоб, або знізяць стаўкі да ўзроўню „стаўка рэфінансавання мінус 3–4 адсоткавыя пункты“, стаўкі могуць стабілізавацца на ўзроўні 40% гадавых», — мяркуе суразмоўца.

Ён падкрэсліў, што ў банкаўскіх колах «растуце асцярога» ў сувязі з рэзкім і некантраляваным падзеннем ставак. Суразмоўца патлумачыў, што для банкаў асноўнае негатыўнае наступства гэтага працэсу — нулявы або адмоўны фінансавы вынік дзейнасці.

Акрамя таго, банкір лічыць, што ва ўмовах рэзкага зніжэння кошту рублёвых крэдытаў зноў можа рэзка ўзмацніцца попыт на замежную валюту з боку імпарцёраў спажывецкіх тавараў. «Курс стабільны, рублі таннеюць, намінальныя даходы насельніцтва растуць», — апісаў ён перадумовы для ўзмацнення ціску на валютны рынак з боку імпарцёраў.

На яго думку,

чаканае рэзкае зніжэнне ставак па дэпазітах у беларускіх рублях таксама выкліча іх ператок у валютныя дэпазіты або простае канвертаванне ў наяўную СКВ.

Як паведамлялася, у пачатку лютага адбыўся абвал ставак на рынку міжбанкаўскіх крэдытаў — сярэднія стаўкі зніжаліся да 33% з амаль 60% у канцы студзеня. Нацбанк Беларусі прыступіў да маштабных аперацыяў выключэння ліквіднасці з 8 лютага гэтага года, пасля таго як 7 лютым сярэдняя стаўка міжбанкаўскіх крэдытаў упала да 5-месячнага мінімуму і склала 32,9% гадавых. Выключэнне ліквіднасці па максімальна высокіх стаўках дазволіла аднавіць узровень сярэдніх ставак на рынку МБК да 40–41%. З 15 лютага стаўка рэфінансавання была зніжаная да 43% з 45% гадавых.

На гэтым тыдні НББ працягвае выключаць ліквіднасць. Так, 20 лютага рэгулятар прыцягнуў на 2 дні ў дэпазіты Br2, 3 трлн. 22 лютага адбудзецца чарговы аўкцыён па размяшчэнні 7-дзённых кароткатэрміновых аблігацый.

НББ нясе выдаткі ў сувязі з ростам рэсурснай падтрымкі дзяржбанкаў з боку ўрада напярэдадні пасяўной кампаніі, агульнага запаволення крэдытнай актыўнасці і росту рублёвых сродкаў насельніцтва ў банках.

Паралельна НББ з’яўляецца чыстым пакупніком замежнай валюты на біржы, павялічваючы рублёвую масу за кошт гэтых аперацый.