Расійскія прафсаюзы пагражаюць байкотам беларускіх тавараў

Канфедэрацыя працы Расіі засцерагла лукашэнкаўцаў ад крымінальнага пераследу незалежных прафсаюзаў.

22.02.2012 / 13:48

Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніка расійскіх прафсаюзаў.

«У апошні час улады Беларусі ўзмацнілі ціск на незалежныя прафсаюзы краіны, — заявіў прэзідэнт Канфедэрацыі працы Расеі (КПР) Барыс Краўчанка. — Мы ўважліва назіраем за развіццём сітуацыі на шэрагу прадпрыемстваў, дзе члены прафсаюзаў, якія ўваходзяць у БКДП, вядуць пры падтрымцы прафцэнтра барацьбу за прызнанне свайго права на аб’яднанне ў самакіраваныя арганізацыі. Баронячы сваё права на аб’яднанне, незалежны беларускі прафцэнтр выкарыстоўвае тыя ж міжнародныя механізмы, што і КПР».

Барыс Краўчанка таксама заявіў: «Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь можа пакінуць свае спробы заткнуць рот Аляксандру Ярашуку — ён паводзіць сябе ўзважана і адказна. Калі ж паўстане рэальная неабходнасць у жорсткіх салідарных дзеяннях з боку прафсаюзаў, то да байкоту беларускіх тавараў з боку замежных спажыўцоў закліча наш прафцэнтр — Канфедэрацыя працы Расеі».

Мікола Бугай