Перад выбарамі Пуціна зноў выбухаюць дамы

+ жахлівае відэа: валіцца дом

Колькасць ахвяраў у Астрахані можа дасягнуць 15 чалавек.

28.02.2012 / 09:02

Колькасць ахвяр абвалу дома ў Астрахані павялічылася да пяці. Лёс яшчэ дзесяці чалавек невядомы.

У жылым доме адбыўся выбух, пасля чаго абрынуўся цэлы пад’езд — 18 кватэр з першага па 9-ы паверх.
Асноўная версія здарэння — выбух газу. Але не звычайны: на думку следства, выбух мог ажыццявіць самазабойца з трэцяга паверху. Выратавальнікі дастаюць з-пад завалаў людзей.
Выбух адбыўся ў панядзелак а 12:50.
Звычайны танны савецкі дом месціцца на вуліцы Мікалая Астроўскага, 150/1, у Савецкім раёне горада на Каспіі. Праз пэўны час пасля ўзрыву цэлая секцыя будынку павалілася на вачах у зляканых відавочцаў. Усяго ў доме 6 пад’ездаў.
Сведкі сцвярджаюць, што спачатку паваліліся ніжнія кватэры.
«Быў выбух, прыблізна ў раёне другога-трэцяга паверху, другі і трэці паверх абрынуліся — сцяна павалілася, — цытуе РІА „Навіны“ астраханцаў. — Два чалавекі пры мне вылазілі адтуль. Мы палезлі туды дапамагаць, у гэты момант паляцелі астатнія паверхі. Пры мне заваліла дваіх, і яшчэ некалькі, хто туды палез, засталіся ўнутры».
Пры гэтым, па словах відавочцаў, бліжэйшыя дамы не пацярпелі.
Там нават усе шыбы цэлыя.

Ратавальнікі разбіраюць купу арматуры і бетону. Працуюць следчыя. Менавіта яны вызначылі, што выбух прагрымеў у кватэры на трэцім паверсе дома. Паведамляецца, што гаспадар кватэры раней не раз заяўляў пра сваё жаданне пакончыць з сабой.

Распачатая крымінальная справа.

Як перадаюць расійскія СМІ, прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін даручыў стварыць урадавую камісію на чале з першым намеснікам старшыні ўрада Віктарам Зубковым для высвятлення прычын і ліквідацыі «наступстваў выбуху бытавога газу ў Астрахані».

Пуцін загадаў часова адхіліць ад працы кіраўніцтва газавых сетак у Астрахані, «каб не перашкаджалі нікому».

Аднапакаёвая кватэра ў панэльным доме ў Астрахані цяпер каштуе каля 45 тысяч даляраў. Улады абяцаюць кампенсаваць страты пацярпелым.

Выбух выклікаў пэўную нервознасць у Расіі.
Людзі ўспамінаюць, як перад выбарамі 2000 года, калі Пуцін ішоў да ўлады пад лозунгамі «навядзення парадку», адбыўся цэлы шэраг выбухаў у жылых дамах Масквы і Валгадонску. Пазней сталі гучаць абвінавачвання, што тыя выбухі ажыццявілі расійскія спецслужбы, каб стварыць у грамадстве адчуванне пагрозы. Аднак адносная адкрытасць цяперашніх расійскіх СМІ дазваляе рэалістычны аналіз сітуацыі і стрымлівае распаўсюд «тэорый змовы».

МБ