Наталенне родным словам у Маскве

У Маскоўскім Доме нацыянальнасцяў 21 лютага прайшла беларуская вечарына.

28.02.2012 / 11:09

Ва ўтульнай зальцы на Басманнай, 4 сабраліся з паўсотні выхадцаў з Беларусі.

На экране высвечана агністае Купалава двухрадкоўе: «Свабоднае слова ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей!».
Цешаць слых прыцішаныя мелодыі беларускіх спеваў. На сцэне разгорнута на трох высозных шчытах кніжная выстава з прыватнае бібліятэкі аднаго з удзельнікаў. Зверху абок важкага тому Скарынавай «Бібліі» прытулілася сціпленька Багушэвічава «Дудка беларуская», факсімільныя камплекты «Нашай Нівы», «Нашай Долі». Побач і ніжэй — першавыданне «Беларусаў» Яфіма Карскага, рарытэтны «Матчын дар» Алеся Гаруна, «Маладая Беларусь» Янкі Купалы, «Новая зямля» Якуба Коласа на трох мовах (беларускай, расейскай, польскай).
Прывабна глядзеліся на паліцах найноўшыя недзяржаўныя перыёдыкі — часопіс «Дзеяслоў» і альманах «Асоба і час».
Сёння наша родная мова прыстойна прадстаўлена і ў інтэрнэце, у чым кожны з прысутных мог пераканацца асабіста. Словам, мова гаманіла сама за сябе.
Адно шкада — кнігі згаданыя прынеслі на выставу са сваіх прыватных калекцый маскоўскія беларусы, а добра было б, каб яны стаялі ў салідным цэнтры беларускай культуры,
былі даступныя і карысталіся шырокім попытам у суайчыннікаў. Будзем спядзявацца, што такі час прыйдзе і сама беларуская дзяржава будзе дапамагаць умацоўваць пазіцыі роднай мовы.
Уступным зваротам вітаў прысутных Сяргей Кандыбовіч, старшыня нацыянальна-культурнага згуртавання «Беларусы Масквы».
Прамоўца, сярод іншага, нагадаў пра трывожнае становішча беларускай мовы.

Каментуючы выставу, д-р Аляксей Каўка запыніўся на горкім парадоксе з родным словам у сучаснай Беларусі. Няхай бы, — працягваў ён, — новаяўленыя апаненты Беларушчыны часцей, глыбей заглядвалі на старонкі нашае мастацкае, філасофскае, гісторыяграфічнае класікі.

Давяршыў вядоўца свае развагі цытаваннем Уладзіміра Караткевіча з «Амаль хрысціянскага тосту за ворагаў»: «Божа, дай ім даўжэй пажыць, Хай спаўна адтрубяць свой час».

Следам слова роднае распеўна гучэла з вуснаў паэта Міхася Скоблы і салісткі Беларускае філармоніі Таццяны Грыневіч-Матафонавай. Яе сапраніста-крынічны галасок пад гітару («Паланэз Агінскага», рамансы «Спадчына», «Мой родны кут»), варухнулі ці адну слязіну пад вейкамі слухачоў. Затым гучэлі вершы Гілевіча, Бураўкіна, Геніюш у кранальнай дэкламацыі Рамана Чырвонцава. Сваё апавяданне «Чартаўшчына» агучыў Алесь Кажадуб.

На выставе быў таксама прадстаўлены новы нумар «Скарыніча» — літаратурна-навуковага альманаха, які вось ужо 20 гадоў на прыватныя сродкі выдаюць маскоўскія беларусы на чале з Аляксеем Каўкам.

Кастусь Атрашэўскі, Віктар Чайчыц, Масква