«Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць» — прэзентацыя выдання

28.02.2012 / 11:34

1 сакавіка аб 11.00 у аўдыторыі № 304 філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (вул. Маркса, 31) адбудзецца прэзентацыя двухтомнага выдання «Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць» пад рэдакцыяй праф. Эльжбеты Смулковай.

Двухтомная публікацыя «Браслаўшчына. Памяць і сучаснасць» з’явілася ў выніку польска-беларускага навуковага супрацоўніцтва. Яна прадстаўляе актуальную соцыялінгвістычную сітуацыю і стан беларускіх, польскіх і літоўскіх гаворак, на якія моцна ўплывае руская мова. Высновы зроблены на падставе палявых даследаванняў, якія праводзіліся сярод вясковага насельніцтва ў 1997 — 2007 гадах у многанацыянальным Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці на Беларусі. Пасля змены дзяржаўных межаў у яго склад увайшла значная частка былога Браслаўскага павету Віленскага ваяводства. Моўная сітуацыя прадстаўлена на фоне гісторыі рэгіёну і калектыўнай памяці яго жыхароў. Выбраныя расповеды і дыялогі, у якіх узгадваецца досвед Другой Сусветнай вайны, расказваецца аб міграцыях насельніцтва, цяжкасцях пасляваеннага жыцця і сённяшніх днях, а таксама аб праблемах самаідэнтыфікацыі рэспандэнтаў і іх стаўленні да розных моў, што суіснуюць у рэгіёне, складаюць ІІІ частку тома, названую Сведчанні насельніцтва.

Удзельнікамі прэзентацыі будуць навуковы рэдактар і сааўтар праф. Эльжбета Смулкова (Польшча), рэцэнзент праф. Генадзь Цыхун, суаўтары Вольга Гушчава, Алена Казанцава, Анатоль Вялікі, Алесь Смалянчук, Ірына Будзько (Беларусь). Мадэратар — Сяргей Важнік.

Праект арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску і Кафедрай тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ.