Грамадзянка Літвы сутыкнулася з трактарам у Астравецкім раёне

28.02.2012 / 11:43

Грамадзянка Літвы сур’ёзна пацярпела ў дарожна-транспартным здарэнні ў Астравецкім раёне.

Як паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама, ДТЗ адбылося 26 лютага на 220-м кіламетры аўтадарогі Полацк — Глыбокае — мяжа Літвы. Жыхарка суседняй дзяржавы, кіруючы «Аўдзі 100», на закругленні дарогі не справілася з кіраваннем, і яе вынесла на сустрэчную паласу прама пад трактар «МТЗ» з прычэпам, які стаяў на абочыне.

У выніку ДТЗ пярэдняя частка легкавога аўтамабіля апынулася поўнасцю пад трактарам. Жанчына шпіталізавана са шматлікімі траўмамі і пераломамі. На момант сутыкнення яна была прышпіленая рэменем бяспекі. Магчыма, гэта ёй і выратавала жыццё, адзначаюць у Дзяржаўтаінспекцыі.