Лябедзька заклікаў беларускую палітычную эміграцыю кансалідавацца

28.02.2012 / 11:47

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька звярнуўся да структур беларускай палітычнай эміграцыі з заклікам «да паразумення і сумеснай работы». Адпаведны зварот палітык размясціў у сваім блогу ў сетцы Facebook.

Лябедзька адзначае, што беларускія дэмакратычныя прадстаўніцтвы за мяжой — «такі ж факт, як і адсутнасць офісаў па рабоце з грамадзянамі краіны ў большасці рэгіёнаў Беларусі». «І ў іх (замежных), хутчэй за ўсё, ёсць у наяўнасці маштабныя планы, высакародная місія і нават спіс добрых спраў, якія яны зрабілі для радзімы. І аб гэтым някепска было б даведацца больш падрабязна. Прыйшоў час пазнаёміцца і паспрабаваць зразумець адзін аднаго і, магчыма, скаардынаваць сумесную работу. Бо мэты мы заяўляем адны і тыя ж», — падкрэслівае Лябедзька.

Гэтая ініцыятыва, тлумачыць лідар АГП, мае на мэце,

калі не арганізаваць каардынацыю дзеянняў, то «як мінімум пазбегнуць скандалаў, аналагічных таму, што выпаўз нядаўна з аднаго з такіх офісаў».

Размова ідзе аб нядаўняй прапанове брусельскага «Офіса за дэмакратычную Беларусь» перагледзець спіс беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі ЕС. Гэтая прапанова стала прадметам жорсткай дыскусіі ў дэмакратычных колах Беларусі.

Каментуючы сваю ініцыятыву БелаПАН, Анатоль Лябедзька паведаміў, што на яе ўжо адгукнулася каля дзясятка эмігранцкіх арганізацый.

«Ёсць жаданне арганізаваць сустрэчу. Гэта абсалютна разумна — зрабіць так, каб мэты, якіх дабіваецца апазіцыя ўнутры краіны, супадалі з тым, што робяць офісы дэмакратычных арганізацый за мяжой. Некаторыя такія арганізацыі самі выказалі гатоўнасць арганізаваць такую сустрэчу», — расказаў палітык.

Лідар АГП падкрэсліў, што «гэта не нейкае рэкламнае мерапрыемства». «Гэта, на мой погляд, павінна быць сустрэча, на якой будуць выпрацаваныя падыходы да супрацоўніцтва, выпрацоўкі агульнага плана дзеянняў», — патлумачыў Лябедзька.

На яго думку, кансалідацыя дэмакратычных сіл здольная «ліквідаваць магчымыя супярэчнасць як сярод апазіцыі і замежных арганізацый беларусаў, так і паміж беларускімі офісамі за мяжой».