На «Масленіцу» ў Ганцавічах дзеці выкупаліся ў палонцы

Экстрэмальны і незапланаваны нумар на святочным мерапрыемстве «Масленіца» ў Ганцавічах ўбачылі сотні ганцаўчанаў і гасцей горада

28.02.2012 / 12:06

Экстрэмальны і незапланаваны нумар на святочным мерапрыемстве «Масленіца» ў Ганцавічах ўбачылі сотні ганцаўчанаў і гасцей горада, якія ў нядзелю, 26 лютага, прыйшлі на гарадскі стадыён. У ледзяной вадзе проста ў адзенні выкупаліся дзве дзяўчынкі 12 гадоў і зусім маленькая гадоў пяці-шасці.

Нягледзячы на ​​вільготнае і халоднае надвор’е на свяце панавала весялосць: самадзейныя артысты спявалі і зухаватыя гусары і Матроны забаўлялі гульнямі, гледачы раскуплялі галоўную страву на «Масленіцу» — бліны з рознымі начынкамі, на спартыўных пляцоўках адбываліся спаборніцтвы па запуску валёнкаў і галошаў, дзеткі каталіся на коніках, а дарослыя грэліся гарэлкай пад шашлычок.

І ў кульмінацыйны момант, калі запалілі саламянае пудзіла, якое сімвалізавала Зіму, дзеткі пабеглі да месца спалення. Але не ўсе дабеглі і пацешыліся з гэтага відовішча.

Дзве 12-гадовыя дзяўчынкі, Даша і Каця, упалі ў не агароджаную яму з вадой.

Ім дапамаглі выбрацца і пасадзілі ў аўтобус аддзела культуры, выкруціўшы дашчэнту прамоклую вопратку. Але прайшло літаральна пару хвілінаў, і ў замаскаваную кавалкамі лёду яму трапіла трэцяя дзяўчынка дашкольнага ўзросту. Вады ў яме было ёй па шыю. Яе таксама выцягнулі з ледзяной вады, усю дашчэнту прамоклую.

У дзяцей, што дрыжалі ад холаду і страху, быў шок, і яны горка плакалі…

Чатыры буйкі па кутах ямы — гэта ўся агароджа, якую прыдумалі тыя, хто павінен быў забяспечыць бяспеку на свяце?

Чаму небяспечнае месца не ахавалі належным чынам, праводзячы масавае мерапрыемства? Гэтае пытанне цяпер больш за ўсё цікавіць бацькоў.

«Неакрэплы дзіцячы арганізм не гатовы да купання ў палонцы, і наступствы для здароўя могуць быць, асабліва для дзяўчынак, непрадказальныя. Няхай тыя, хто арганізаваў свята, цяпер моляцца, каб дзеці не захварэлі. Інакш для арганізатараў гэта скончыцца судом «, — сказаў бацька адной з пацярпелых дзяўчынак.