У Шаркаўшчынскім раёне збіраюць грошы для Сяргея Каваленкі
Раней тут сабралі нямала для Бяляцкага і Барадуліна.
28.02.2012 / 12:54
У Шаркаўшчынскім раёне грамадскія актывісты пачалі збор грошай для сям’і палітвязня Сяргея Каваленкі. Пра гэта распавяла грамадская дзяячка з Германавічаў Ада Райчонак.
Актывісты з Германавічаў і Шаркаўшчыны неаднойчы выяўлялі салідарнасць, ахвяроўваючы грошы. У студзені яны сабралі 600 тысячаў рублёў для паэта Рыгора Барадуліна. У снежні — некалькі мільёнаў для «кампенсацыі шкоды» па справе зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага.
24 лютага Сяргею Каваленку прысудзілі 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі за «парушэнне рэжыму адбыцця пакарання». У 2010 годзе Каваленка атрымаў 3 гады «хатняй хіміі» за тое, што вывесіў нацыянальны сцяг на навагодняй елцы ў цэнтры Віцебска.
Жонка Сяргея, Алена Каваленка, і двое яго дзяцей засталіся без сродкаў да існавання.