Лёнінг: Рэпрэсіі ў Беларусі павінны быць спыненыя

28.02.2012 / 13:24

Упаўнаважаны ФРГ па правах чалавека Маркус Лёнінг асудзіў прыгавор, вынесены 24 лютага віцебскаму актывісту Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргею Каваленку.

«Я рэзка асуджаю палітычна матываваны прыгавор, вынесены Сяргею Каваленку, і патрабую яго неадкладнага вызвалення. Я патрабую таго ж для ўсіх іншых палітзняволеных у Беларусі. Яны павінны быць неадкладна вызваленыя і рэабілітаваныя», — цытуе Лёнінга прэс-служба пасольства Германіі ў Мінску.

«Мы стаім на баку тых, хто выступае ў Беларусі за свабоду і правы чалавека. Рэпрэсіі супраць іх павінны спыніцца», — падкрэсліў нямецкі палітык.

***

Нагадаем, у пачатку лютага Маркусу Лёнінгу было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь. Упаўнаважаны па правах чалавека планаваў сустрэцца з беларускімі палітзняволенымі, у тым ліку з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, а таксама перадаць Аляксандру Лукашэнку ліст ад кіраўніка МЗС Германіі Гіда Вестэрвеле з заклікам «гуманітарна вырашыць» шэраг прыватных выпадкаў (меркавалася, што размова ідзе аб памілаванні). Беларускія ўлады адмовілі нямецкаму палітыку ва ўездзе, заявіўшы, што не бачаць неабходнасці ў такім візіце.

24 лютага суд Першамайскага раёна Віцебска пад старшынствам Алены Жук прыгаварыў Сяргея Каваленку да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Актывіст апазіцыі абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, якое было вынесена Каваленку ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. Адразу пасля затрымання 19 снежня мінулага года Каваленка аб’явіў галадоўку пратэсту.