Невыязны старшыня КДБ Зайцаў хоча выехаць у камандзіроўку ў Італію

Распараджэнне № 84р аб камандзіраванні В.Ю. Зайцава ў горад Рым прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь падпісаў 28 лютага.

03.03.2012 / 11:17

Акт уключаны 2 сакавіка ў Нацыянальны рэестр прававых актаў. Дата візіту не паведамляецца.

Нагадаем, Рада міністраў ЕС у студзені 2011 года ўключыла старшыню КДБ Вадзіма Зайцава ў «чорны спіс» асоб, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя санкцыі па падазрэнні ў дачыненні да фальшавання вынікаў выбараў прэзідэнта 2010 года і рэпрэсій супраць кандыдатаў у прэзідэнты, сотняў актывістаў і ўсёй грамадзянскай супольнасці. Таксама «замарожаныя» авуары фігурантаў «чорнага спісу» у еўрапейскіх банках.

Менавіта пры Зайцаву да палітвязняў у турме КДБ пачалося стаўленне, якое праваабаронцы прыраўноўваюць да катаванняў. Як можна меркаваць, акурат пры ім адбылася спроба масавай вярбоўкі вязняў пад пагрозай працяглага зняволення. Якраз пасля прыходу Зайцава ў спецслужбу быў арыштаваны праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Дзяржаўныя чыноўнікі з чорнага спісу ЕС маюць магчымасць падарожнічаць па Еўропе, калі ўдзельнічаюць у працы міжнародных арганізацый, якія маюць асаблівы статус.