Благое выхаваньне Пэдра Альмадовара
АНТ, 5 сакавіка 2007, 23.20
На тэлеэкране – “Благое выхаваньне” Пэдра Альмадовара.
05.03.2007 / 08:27
Гішпанія, 2004, каляровы, 105 хв.
Рэжысэр: Пэдра Альмадовар
Ролі выконваюць: Гаэль Гарсіа Бэрналь, Фэле Мартынэс, Даніэль Хімэнэс Кача, Луіс Хомар, Францыска Бойра, Хаўер Камара, Петра Мартынэс, Начо Пэрэс
Жанр: Драма
Адзнака: 6,5 (з 10)
Да рэжысэра Энрыке (Фэле Мартынэс) трапляе сцэнар, які распавядае… пра ягонае ўласнае дзяцінства ў каталіцкае школе. Чалавек, які прынес сцэнар – і прэтэндуе на галоўную ролю (Гаэль Гарсіа Бэрналь), называе сябе старым сябрам Энрыке. Але незнаёмы зусім ня той, за каго сябе выдае…
Корсткая альмадовараўская гісторыя з геямі, транссэксуаламі – і заблытанымі любоўнымі шматкутнікамі, зь якіх старанна выдалены ўсе жанчыны.
Падстаноўкі, падмены, дэтэктыўныя жарсьці, кабарэтныя нумары й спасылкі на фільм-нуар. Хітрапазаплецены, нечаканы, скандальны сюжэт (што характэрна для Альмадовара). На экране зьзьяе Гаэль Гарсіа Бэрналь у мужчынскай (і жаночай) іпастасях.
Але за акторскімі гістэрыкамі і пярчынкаю – ня столькі жарсьці, няправільнасьці й шал, як у раньніх карцінах гішпанскага рэжысэра.
На экране халодная прафэсійнасьць – і неблагое кінавыхаваньне рэжысэра, які ўвайшоў у гішпанскі істэблішмэнт.