Аблава: Міліцыя Мінскай вобласці праверыць на выходных усе дыскатэкі

З 09.00 8 сакавіка да 09.00 12 сакавіка будуць кругласутачна адпрацоўвацца месцы масавага знаходжання моладзі.

07.03.2012 / 17:41

На гэтых выходных міліцыя Мінскай вобласці ўзмоцніць меры па прадухіленні правапарушэнняў, якія здзяйсняюць падлеткі, паведамілі ва Упраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама.

З 09.00 8 сакавіка да 09.00 12 сакавіка супрацоўнікі міліцыі будуць кругласутачна адпрацоўваць месцы масавага знаходжання моладзі. «У першую чаргу праверкам будуць падвергнутыя забаўляльныя ўстановы, якія працуюць у начны час», — адзначылі ва УУС. Калі будуць выяўлены факты допуску ў клубы і на дыскатэкі непаўналетніх у начны час, то ў дачыненні да юрыдычных асоб — гаспадароў установаў, а таксама бацькоў будуць ужытыя меры адміністрацыйнай адказнасці.

Як растлумачылі ў УУС, гэтыя меры звязаныя з тым, што ў Мінскай вобласці назіраецца рост узроўню падлеткавай злачыннасці.