Пра жанчын і волю

Маленькая ўтопія, навеяная Днём жанчын.

13.03.2012 / 10:09

Гэта была невялікая прыватная крамка. На прыгожа аформленых паліцах не было відаць таннага віна, зусім не пахла старым селядцом ці яшчэ нечым марскім, што адразу ўразаецца ў ноздры, калі пераступаеш парог такіх крам. На празрыстым шкле лядоўні з тортамі і рознакаляровымі пірожнымі быў прылеплены сімпатычны малюнак таўстуна з ружовымі шчокамі і напісана вялікімі літарамі: «Ласункі».

Перада мной ў чарзе шыкоўная бландзінка ў сабаліным паўфутры:

— Мне, калі ласка, два фунты кілбасы і з паўфунта сыру «Радзівіл».

— Вам загарнуць, спадарыня?

— Так, будзьце так ласкавы, калі Вам не складана, і яшчэ, калі ласка, тузін ляндрынак «Чупа-Чупс» і дзве чакаляды з разынкамі і арэхамі.

— Калі ласка, шаноўная. З вас 3 талеры і 25 дукатаў.

Прадавачка асцярожна падала запакаваныя ў бліскучую паперу прадукты жанчыне ў футры. А тая перадала талеры з выявамі Янкі Купалы і вусата-барадатым Багушэвічам. На мядзяных дукатах рэшты бліснула Пагоня. У дамскай сумачцы зазваніў мабільны тэлефон. Нарэшце знайшоўшы, сцішваючы голас з-за натуральнай ветлівасці, кіруючыся да выхаду, пачала гаварыць:

— Так, гэта дырэктарка кампаніі «Ветразь». З кім маю гонар? Ах, гэта Вы, спадар Заблоцкі! Не, кантракт па пастаўцы вадкага мыла яшчэ не падпісаны…

Я стаяў і з раскрытым ротам лавіў кожнае слова і кожны рух шыкоўнай дамы ў сабаліным паўфутры, ад якой ля прылаўка застаўся тонкі і прыемны пах дарагой парфумы. Жанчына знікла за дзвярыма крамы.

Белазубая прадавачка, ветліва ўсміхаючыся, звярнулася да мяне:

— Што Вам, панічок?

Я разгубіўся. Не ведаў, што сказаць і ніяк не мог уцяміць, дзе я знаходжуся і што мне патрэбна ў гэтым месцы. Гледзячы на ветлы твар маладжавай жанчыны за прылаўкам, толькі лыпаў вачыма.

Прадавачка ветліва паўтарыла зноў:

— Што Вам, панічок? Салодкага жадаеце ці нечага горкага? — сказала яна, матнуўшы галавой у бок паліцаў з алкаголем. — Свята ж неўзабаве — Дзень Волі…

Я прачнуўся ад здзіўлення і ў халодным поце. На жаль, гэта быў толькі сон. Даволі дзіўны і нечаканы сон. Здаецца, усё добра. Адно… не збыў яшчэ ўсіх бед: мне сняцца сны аб Беларусі!

Віктар Шукеловіч, Люблін