Life:) заяўляе аб перашкодах канкурэнтаў пры «Пераносе нумара»

13.03.2012 / 09:46

Мабільны аператар life:) заяўляе аб перашкодах канкурэнтаў у рэалізацыі абанентамі паслугі «Перанос нумара». Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні прэс-службы аператара life:).

«З уводам у 2012 годзе паслугі „Перанос нумара“ ва ўсіх карыстальнікаў сотавай сувязі Беларусі з’явілася новая ступень свабоды — магчымасць змяніць аператара, захаваўшы пры гэтым свой нумар і ўсе кантакты. Аднак рэалізацыя паслугі „Перанос нумара“ дагэтуль не адбываецца ў планаваных тэмпах і аб’ёмах: іншыя мабільныя аператары краіны перашкаджаюць свабоднаму выбару абанентаў», — падкрэсліваецца ў паведамленні. Аднак, у чым менавіта заключаецца перашкода, не ўдакладняецца.

Разам з тым life:) прапануе і «выйсце з наяўнай сітуацыі». Размова ідзе пра тарыфны план «Свабодны life:)».
Прапанова распрацавана спецыяльна для тых, хто ўжо перанёс або плануе перанесці свой нумар у сетку life:). Сваім новым абанентам мабільны аператар прапануе 1.000 хвілін зыходзячых званкоў і 1.000 SMS-паведамленняў, як на life:), так і ў сеткі іншых аператараў, і 1.000 Мб уключанага інтэрнэт-трафіку. Усё гэта прапаноўваецца за 25 тысяч рублёў у месяц.

Паслуга пераносу абаненцкага нумара абанентам сетак сотавай сувязі ў Беларусі стала даступнай з 1 лютага 2012 года. Яе аказваюць толькі тры GSM-аператары: life:), «МТС» і velcom. Паслуга даступная для ўсіх абанентаў — фізічных і юрыдычных асоб.

За змену аператара абаненту, які сыходзіць, прыйдзецца заплаціць: у «МТС» паслуга каштуе 15 тысяч рублёў, у аператара velcom — 79 тысяч рублёў. Зыход з сеткі life:) — бясплатны.