«Яндэкс» адкрыў новы офіс у Беларусі

13.03.2012 / 09:47

Найбуйнейшая расійская інтэрнэт-кампанія «Яндэкс» адкрыла новы офіс у Мінску.

Як паведамілі ў прэс-службе «Яндэкса», цяпер у беларускай камандзе працуюць 19 чалавек. Гэта праграмісты і менеджары, якія займаюцца ў асноўным пошукам і картамі. Кіруе офісам Аляксей Сікорскі.

Найбуйнейшы расійскі пошукавы інтэрнэт-партал «Яндэкс» адкрыў партал для Беларусі — yandex.by — у красавіку 2010 года. Паводле звестак агенцтва Gemius, у сакавіку 2011 года аўдыторыя партала склала 1,8 млн. карыстальнікаў — на той момант гэта было 50% усёй аўдыторыі байнэта.

12 мая 2011 года на сэрвісе «Яндэкс. Карты» з’явіліся панарамы Мінска.

У Беларусі размяшчэннем рэкламы на «Яндэксе» займаюцца больш чым 30 рэкламных агенцтваў — партнёраў расійскай кампаніі.

У рэкламную сетку «Яндэкса» (РСЯ) уваходзіць больш чым 250 сайтаў у зоне by. У маі 2010 года «Яндэкс» адкрыў у Беларусі Цэнтр абслугоўвання партнёраў, праз які беларускія сайты могуць далучыцца да РСЯ і атрымліваць узнагароду ў беларускіх рублях.