«У нас загудзелі дык загудзелі. Калі можна адзін дзень, дык яны гудзелі паўтыдня»

Міхаіл Захараў не выключыў сыходу з «Юнацтва» і абвінаваціў некаторых хакеістаў у п’янстве.

13.03.2012 / 10:32

Галоўны трэнер хакейнага клуба «Юнацтва» (Мінск) Міхаіл Захараў лічыць заканамерным паражэнне ад салігорскага «Шахцёра» ў чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф адкрытага чэмпіянату Беларусі.

«Трэба павіншаваць „Шахцёр“, ён заслужана перамог, тут нават гаварыць няма пра што, — зазначыў Захараў 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння пятай сустрэчы. — „Шахцёр“ захаваў склад, гэта заслуга трэнера, у якога не сышлі 15 хакеістаў. Было б нават недзе няправільна, калі б мы выйгралі. Ёсць прымаўка: трэба працаваць летам, каб да фіналу быць гатовым. Вы запытайце ў іншых клубаў, ці далі ім спартыўную форму. Усім далі. А „Юнацтву“, апрача красовак і трусоў, нічога не далі. Збор мы праводзілі тут, нікуды не выязджалі, крызіс быў. Крызіс быў толькі ў нашай камандзе. У тым жа Салігорску па восем пачалі плаціць, а ў нас па тры (напэўна, размова ідзе пра курс долара, па якім выплачваецца зарплата). Хлопцы ж тэлефануюць па клубах.

Усюды крызісу няма, а тут — крызіс. Я здзіўляюся, што яны яшчэ адбіліся, на жылах змагаліся. Усё, што было ў хакеістаў, яны ўсё выціскалі».

Нязменны трэнер «Юнацтва» зазначыў, што і з цяперашняга складу каманды многія хакеісты могуць пайсці ў міжсезоннасць. «Чалавек дзесяць пойдуць зноў. Пойдуць, убачыце. Мы можам толькі паспрачацца, колькі пойдзе. Ці магу я ўвайсці ў лік гэтых дзесяці? Пажывем — пабачым».

Разам з тым Захараў не пагадзіўся са сцвярджэннем, што сезон для «Юнацтва» атрымаўся няўдалым. «Нармальны сезон. Пятнаццаць хакеістаў сышлі, я ж сказаў. Мы з гэтым дзіцячым садком умудрыліся на Кантынентальным кубку дастойна выступіць (другое месца). Умудрыліся яшчэ ў фінал Кубка Беларусі трапіць.

Менш бы п’янак было б у некаторых хакеістаў нашых, я ўпэўнены, мы б яшчэ і там… А то ў нас загудзелі дык загудзелі. Калі можна адзін дзень, дык яны гудзелі паўтыдня. Задзяленава толькі да чацвярга ці да пятніцы мы «адкапалі»…
Як можна гуляць потым было? Яноўскі прыйшоў, вы б бачылі стан, там 30 праміле было. Ён мяне не бачыў… Але зараз яны малайцы. Ніхто не скажа, што мы без бою прайгралі», — мяркуе Захараў.

Ён развеяў чуткі пра магчымае вяртанне ў нацыянальную зборную Беларусі ў якасці асістэнта галоўнага трэнера Кары Хейкіля.

«Забудзьце пра мяне. Я туды наогул не рвуся. Нават калі дадуць запрашэнне, я, хутчэй за ўсё, адмоўлюся. Вось так. Каб вы супакоіліся ўсе.
Чаму? А навошта? У нас ёсць трэнеры: Гусаў, Андрыеўскі, Цыплакоў, Занкавец. Няхай працуюць», — заявіў Міхаіл Захараў.