Пажар у Расонскай школе вачыма школьнікаў (фота, відэа)

7 сакавіка ў Расонах успыхнуў пажар у сярэдняй школе.

13.03.2012 / 11:24

Эвакуяваць давялося 575 дзяцей і 36 выкладчыкаў. Некалькі школьнікаў, скачучы з вокнаў трэцяга паверха, атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя. «Народныя навіны Віцебска» пагаварылі з некаторымі дзецьмі, якія ратаваліся з будынка.

— Мы сядзелі на ўроку, калі ў клас забегла настаўніца матэматыкі і паведаміла, што ў школе пажар. Спачатку мы падумалі, што гэта чарговыя вучэнні, але ў калідоры трапілі ў густы дым. Удыхнуўшы гэтую сумесь, я ледзь не ўпаў. Мы арганізавана пайшлі да запасных выхадаў, але там праз натоўп нельга было праціснуцца, а паветра нам ужо не хапала. Адкрылі дзверы прыбіральні, а там акно і пачалі дыхаць свежым паветрам.

— Паветра не хапала нават ля адкрытых вокнаў, але тут мы ўбачылі, як дзеці з другога паверха выбіраюцца на дах аднапавярховай прыбудовы спартзалы.

Хлопцы вырашылі скакаць на гэты дах і перабраліся ў памяшканне, адкуль гэта можна зрабіць.
Настаўніца, пачуўшы крыкі ў калідоры, выйшла туды, а дзеці пачалі скакаць. Я лічу, што яна не вінаватая, яна нас не бачыла.

— Мы станавіліся на падваконне і проста скакалі на дах першага паверха. Толькі адзін хлопчык дадумаўся павіснуць на руках і так саскочыць з меншай вышыні. Думаць, як лепш саскочыць, не было калі — за спіной каля дзясятка хлопцаў, якія баяліся задыхнуцца ў дыме. Пажарных ля школы яшчэ не было, толькі міліцыя прыехала.

«Гэта, вядома, жудасна… самае дрэннае, што ўсе былі ў паніцы, і маленькія дзеткі наогул не ведалі куды дзявацца, — піша на сцяне ў сацыяльнай сетцы адна з расонскіх школьніц. — Ды жах проста, але школа сама яшчэ вінаватая. Як так — заўсёды эвакуацыя была, трэніроўкі гэтыя, тэхніка бяспекі… А ў выніку, калі мужчына сабраў 6 вогнетушыцеляў, каб патушыць агонь, працавала толькі 2… І пажарныя апавяшчальнікі на другім паверсе спрацавалі, калі канкрэтна ўсё было ў дыме».

— Гэтая макулатура ляжыць там з канца мінулага года. Хто яе павінен быў забраць, і чаму да гэтага часу не забраў — мы не ведаем.

Вінаватых ужо шукаюць.
Па факце пажару ў Расонскай сярэдняй школе імя Машэрава заведзеная крымінальная справа па артыкуле 304 КК Рэспублікі Беларусь «Парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, якое пацягнула прычыненне цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў». Расследаванне вядзе ўпраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. Вінаватых знойдуць і ўзорна пакараюць, інакш у нас не бывае…

Але ці будуць шукаць прычыну скачкоў, у выніку якіх дзеці і атрымалі траўмы? Чаму дзеці скакалі, стоячы на падваконнях, і не спрабавалі павіснуць на акне, каб паменшыць вышыню падзення? Падчас трэніровак вучылі толькі выходзіць шыхтом і з песняй? Ніхто не мог здагадацца, што выхаду можа не быць, што нешта пойдзе не так, як кімсьці запланавана? У праграме прадмета «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» 4 урокі прысвечаныя пажарам: «Лясныя пажары», «Пажары і выбухі», «Лясныя і тарфяныя пажары» і «Правілы пажарнай бяспекі і паводзінаў пры пажары». Ці расказваецца на гэтых ўроках, як дыхаць у дыме, як бяспечней за ўсё скакаць з вышыні, як спусціцца з акна на шторы; і да т.п.? Шмат пытанняў, і адказваць на іх павінен не следчы камітэт.