Пытанні адчужэння дзяржакцый ААТ будуць узгадняцца з выканкамамі

13.03.2012 / 11:51

Пытанні адчужэння дзяржаўных акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў (ААТ) павінны ўзгадняцца з выканаўчымі камітэтамі. Такое рашэнне зацверджана ўказам прэзідэнта № 127 ад 6 сакавіка 2012 года, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Праекты прававых актаў да ўнясення на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта «падлягаюць узгадненню: з аблвыканкамамі; Мінскім гарвыканкамам па пытаннях адчужэння акцый, што знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, адкрытых акцыянерных таварыстваў, размешчаных на тэрыторыі адпаведнай вобласці, г. Мінска».

Указ прыняты «ў мэтах удасканалення парадку адчужэння акцый ААТ, што знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы», і ўвайшоў у сілу пасля апублікавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Савету міністраў даручана ў двухмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым указам.