З офіса Партыі БНФ скралі бел-чырвона-белы сцяг

13.03.2012 / 12:03

Паводле інфармацыі супрацоўніцы партыйнага офіса, інцыдэнт адбыўся напярэдадні 8 сакавіка. Сцяг не быў вывешаны на вуліцы, а стаяў у куце памяшкання, каля ўваходных дзвярэй.

Незадоўга да здарэння адзін з наведнікаў цікавіўся ў супрацоўніц офіса, дзе можна набыць бел-чырвона-белы сцяг. Яны параілі мужчыну скарыстацца пошукам у інтэрнэце, а неўзабаве заўважылі, што сцяг з памяшкання знік — прычым толькі палотнішча, дрэўка засталося на месцы.

На думку сябра сойма Партыі БНФ Сяргея Семенюка, магло быць два матывы выкрадання сцяга. «Першы — гэта ўзрослая папулярнасць беларускай нацыянальнай сімволікі, другі — тое, што беларуская нацыянальная сімволіка ў некаторых афіцыйных структур выклікае істэрыку. Гэта, дарэчы, мы бачым на прыкладзе віцебскага актывіста КХП — БНФ Сяргея Каваленкі, які быў прысуджаны да турэмнага зняволення за вывешванне нацыянальнага сцяга», — адзначыў палітык.

Прадстаўнікі партыі, па яго словах, не звярталіся ў міліцыю, бо ў фінансавым плане страта малаважная. Замест скрадзенага сцяга ўжо вывешаны новы.