Муж памерлай у Гомелі парадзіхі: жонка шэсць гадзінаў сплывала крывёй

Дактары заплацілі сям'і больш за 7 тысяч даляраў, але цяпер іх чакае новы суд.

15.03.2012 / 10:23

45-гадовы зваршчык Васіль і 26-гадовая прадавачка Алеся з Добруша жылі душа ў душу, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Першая іх дачушка Валя з’явілася на свет 7 гадоў таму.

На Алесі трымалася сям'я.

— Жонка нараджала тут, у Добрушы. Потым нашу радзільню зачынілі на рамонт — да гэтага часу рамантуюць. Першыя роды прайшлі без праблем, хоць Валя была вялікім дзіцем. Другая цяжарнасць таксама праходзіла без усялякіх ускладненняў — тэрмін паставілі на сакавік мінулага года. Калі Алеся адчула, што набліжаюцца роды, сама выклікала «хуткую», і жонку завезлі ў гомельскі шпіталь. Дзіця зноў было вялікае, і гомельскія дактары ўжо вырашылі рабіць кесарава, — расказвае Васіль. — Жонка нараджала ў нядзелю, можа, гэта адыграла ролю. Яна шэсць гадзінаў сплывала крывёй. Усе кажуць, што яе можна было выратаваць.

У той дзень, калі Васіль чакаў з радзільні добрую вестку, яму патэлефанавалі з кепскай: жонка памерла пасля аперацыі. Яго шок цяжка перадаць словамі.

— Калі пра гэта сказалі добрушскаму доктару, які назіраў Алесю цягам цяжарнасці, ён страціў прытомнасць.

Бо ўсё было добра! І як такое здарылася, мы да гэтага не ведаем. Год прайшоў, але ніхто з лякарні не расказаў, што адбылося. Гэтых дактароў, якіх цяпер судзяць, я нават у твар не ведаю, — кажа муж. — Да нас прыязджаў толькі галоўны доктар бальніцы, казаў, што смерць парадзіхі — адзіны выпадак у Беларусі за апошнія гады. Абяцаў дапамагаць ва ўсім, пенсію выплачваць. Але пакуль уся дапамога — гэта анучы па гуманітарцы, якія нам далі.

Пасля пахавання ўдавец пайшоў у царкву — памаліцца пра памерлую жонку і спытаць парады бацюшкі, як назваць нованароджаную. Святар прапанаваў імя Маша — у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі.

— Дзякуй Богу, Машанька нарадзілася здаровай, але не будзе нават памятаць сваёй мамы. А вось Валя памятае. У труне маму мы ёй не паказвалі, так псіхолаг сказаў. І фатаграфіі ўсе схавалі. Вельмі Валя была прывязаная да мамы. Кажам, што яна цяпер на небе, глядзіць на нас. Мне і самому яна начамі сніцца, — сумуе Васіль.

«У брушной поласці забылі сурвэтку»

Прычыны трагедыі тлумачаць у пракуратуры. Днямі Гомельскі абласны суд накіраваў на новы разгляд справу двух гомельскіх дактароў. Папярэдні працэс, які быў пачаты адразу пасля смерці парадзіхі, скончыўся прымірэннем бакоў, медыкаў вызвалілі ад адказнасці і спынілі справу. Але пракуратура настаяла на аднаўленні суда. Цяпер акушэры-гінеколагі абвінавачваюцца ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якія прывялі па неасцярожнасці да смерці пацыента.

— 26-гадовай жанчыне няўдала зрабілі кесарава сячэнне.

Неахайнымі дзеяннямі падчас аперацыі дактары пашкодзілі сасуды маткі і іншых унутраных органаў парадзіхі. У пацыенткі пачаўся крывацёк, але медыкі не выявілі крыніцу і не спынілі яго.
Нованароджаная дзяўчынка засталася жывая, але маладая маці ў той жа вечар памерла ад вялікай страты крыві. За станам парадзіхі не сачылі як належыць.
А пазней высветлілася, што падчас аперацыі дактары яшчэ і сурвэтку забылі ў брушной поласці пацыенткі. Менавіта недахопы ў аказанні медыцынскай дапамогі сталі прычынай смерці парадзіхі,
 — кажа пракурор аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Сяргей Салоўскі.
Абвінавачаныя па справе — 61-гадовая і 42-гадоваяакушэры-гінеколагі. Яны не прызнаюць сваёй віны.
У матэрыялах справы ёсць дзве распіскі, згодна з якімі кожная з іх заплаціла мужу памерлай па 3720 даляраў.

— Я да гэтага часу ў разгубленасці, не ведаю, як мне жыць далей, як аднаму дзвюх дачок на ногі падымаць. У нас былі свае планы на жыццё, і раптам усё рухнула. Наша сям’я на Алесі і трымалася. Яна была такая энергічная, бойкая, — працягвае Васіль. — Пасля пахавання жонкі мне ўлады прапанавалі забраць дачок у дзіцячы дом. Але я так не магу. Папрасіў старэйшую сястру — яна аформіла на сябе апякунства і выйшла ў дэкрэтны.

Гадаваць дачок дапамагае і маці Васіля. Сам ён ездзіць на заробкі ў Расію.

— На абедзвюх дзяўчынак плацяць недзе па 700 тысяч рублёў за страту карміцеля і дэкрэтныя, усяго каля двух мільёнаў. А толькі на харчаванне маленькай у месяц сыходзіць 700 тысяч. А лекі, падгузнікі, адзенне? Раней дзіцячае харчаванне давалі бясплатна, але ўвосень перасталі — таму што мы атрымалі 500 тысяч «на бульбу», значыць, прыбыткі падраслі, і харчаванне ўжо не даюць.

Адна з абвінавачаных працуе на той жа пасадзе, другая — у прыватнай клініцы

Пасля гутаркі з Васілём стала зразумела, чаму ён падаў хадайніцтва аб спыненні справы ў першым судзе.

— Мы людзі простыя, ніколі ў судах не былі, на адваката грошай няма. Я тады яшчэ ад гора нічога не цяміў. Падышлі да мяне адвакаты гэтых дактароў і прапанавалі заплаціць грошы. Сказалі, што па судзе мне ніякая кампенсацыя не свеціць, будуць па капейцы ў месяц з іх заробкаў адлічваць, ды і ўсё. А наўзамен параілі прымірыцца. Ну, я і пагадзіўся. Суд прайшоў, я пытаюся пра пенсію, якую бальніца абяцала, а мне кажуць: позна ўжо. А што гэтыя сем тысяч даляраў? Частку патрацілі на адзенне для дзяўчынак, частку пакідаем, каб траціць, калі расці будуць. Чаму толькі дваіх судзяць, калі ў брыгадзе было пяць чалавек? Чаму ў рэанімацыі яе не глядзелі? Вось зараз новы суд будзе, і нават не ведаю, што там казаць трэба.

Мы спецыяльна не называем бальніцу, каб не псаваць рэпутацыю праз адзін трагічны выпадак. Але напісаць пра тое, што адна з абвінавачаных там працуе да сёння і на той жа пасадзе, трэба. Яе калега перавялася ў прыватны медыцынскі цэнтр, які рэкламуе сябе як калектыў высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Дактары і цяпер не прызнаюць сябе вінаватымі ў смерці парадзіхі. На слушнае пытанне суддзі, чаму ж тады яны заплацілі мужу загінулай, адказалі: каб больш іх не чапалі і каб суд на гэтым скончыўся.

— Ні я, ні акушэры з вамі гаварыць не будуць. Не чапайце іх! Навошта наогул пра гэта пісаць? — абурыўся галоўны доктар. — Гэта трагедыя для сваякоў, для дактароў, для ўсёй нашай бальніцы. Нічога каментаваць не будзем.

Каментар пракурора

— Суд першай інстанцыі спыніў справу і вызваліў абвінавачаных ад крымінальнай адказнасці па артыкуле 89 КК — гэта значыць за прымірэннем з пацярпелым. Але для вызвалення ад крымінальнай адказнасці па гэтым артыкуле неабходная сукупнасць трох абставінаў: каб злачынства было здзейсненае абвінавачванымі ўпершыню і менш цяжкае, каб абвінавачаны прымірыўся з пацярпелым і каб была кампенсаваная прынесеная злачынствам шкода. Не ўсе гэтыя ўмовы былі выкананыя. Заканадаўца не дае права пацярпеламу, якім быў прызнаны муж парадзіхі, мірыцца з абвінавачваным у выпадку наступлення смерці — гэта значыць, ад імя памерлага прымірыцца нельга. Да таго ж, шкоду, прынесеную смерцю, кампенсаваць немагчыма. На гэтых падставах пракуратура падрыхтавала прыватны пратэст, і абласны суд, пагадзіўшыся з аргументамі, скасаваў пастанову раённага суда і накіраваў справу на новы разгляд, — патлумачыў пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастановаў па крымінальных справах пракуратуры Гомельскай вобласці Сяргей Салоўскі.

Новы суд павінен пачацца праз месяц. Юрысты прагназуюць абвінаваўчы прысуд, але пазбаўляць дактароў свабоды суд хутчэй за ўсё не будзе. Магчыма, медыкаў чакае абмежаванне свабоды і адхіленне ад займаных пасадаў.

Меркаванне доктара

Сваё бачанне праблемы выказала намеснік дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Святлана Нагібовіч:

— Віну медработнікаў усталюе суд, мы пакуль не можам даваць ацэнку дадзенай сітуацыі. Тое, што адбылося, — выпадковасць, а дакладней, няшчасны выпадак. Паводле заканадаўства ў пацыентаў ёсць усе магчымасці спагнаць шкоду ад дзеянняў або бяздзейнасці дактароў. Атрымліваецца, што медыкаў можна пакараць за ўсё. Але мала законаў, якія б абаранялі медыкаў. Існуе маса аб’ектыўных складанасцяў пры аказанні медыцынскай дапамогі, ліквідаваць іх або спрагназаваць немагчыма. Медыцына — не дакладная навука, гэта заўсёды рызыка.