Івашкевіч: На мітынгу 25 сакавіка будзем не святкаваць, а змагацца

«Канцэртаў, музыкі, феерверкаў не будзе».

15.03.2012 / 10:42

На мітынгу з нагоды Дня Волі, які плануецца правесці 25 сакавіка, будуць не святкаваць і забаўляцца канцэртамі, а змагацца, заявіў палітык Віктар Івашкевіч 14 сакавіка ў інтэрв’ю БелаПАН.

«Дзень Волі — гэта магло бы быць свята, калі б мы дасягнулі таго, што было задэкларавана заснавальнікамі БНР. Пакуль гэта не дасягнута, гэта дзень барацьбы за гэтыя ідэалы, дзень пратэсту, дзень дэкларацыі сваёй пазіцыі.

Святкаваць нам няма чаго. Канцэртаў, музыкі, феерверкаў не будзе», — сказаў Івашкевіч.

Паводле яго слоў, падрыхтоўка да мітынгу заключаецца ў папулярызацыі сярод людзей інфармацыі пра акцыю, тэхнічнай арганізацыі працэсу і складанні спісу выступоўцаў. «У сувязі з тым, што ніякія спонсары не падтрымліваюць матэрыяльна гэтую акцыю, адзінай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца незалежныя СМІ. Мы звярталіся да ўсіх сяброў і актывістаў аргкамітэта пісаць артыкулы і звароты ў незалежныя СМІ. Пакуль толькі я і Лябедзька напісалі артыкулы ў блогах «Беларускага партызана», — паведаміў Івашкевіч.

Ён адзначыў, што, улічваючы досвед арганізацыі Народных сходаў, улады могуць перашкаджаць даставіць абсталяванне, нават калі будзе дазвол на правядзенне мітынгу.

«Заяўка на плошчу Бангалор — частка плану, каб зняць усе магчымыя адгаворкі улады. На забарону будзем рэагаваць байкотам», — падкрэсліў Івашкевіч.

Палітык распавёў, што падчас Народных сходаў актыўна супрацоўнічаў з нацыянал-бальшавікамі.

«Хлопцы ініцыятыўныя, адукаваныя. Добра, што яны зразумелі, „якой нацыі яны болы“, яны больш не арыентуюцца на Маскву — гэта падстава для супрацоўніцтва»,
 — адзначыў Івашкевіч.