З-за моцнага ветру ў Беларусі пацярпелі 55 населеных пунктаў
15.03.2012 / 12:52
Паводле аператыўных звестак, у Беларусіз-за парываў ветру да 24м/с 13 і 14 сакавіка пацярпелі 55 населеных пунктаў у Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Пра гэта паведамілапрэс-служба МНС.
Пашкоджаны дахі чатырох жылых дамоў (адноўлены тры), 79 сельскагаспадарчых будынкаў (адноўлены тры).
У вёсцы Колкі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці разбураны навес для сартавання і сушкі бульбы 2011 года пабудовы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Ульянава».
Без электраэнергіі нейкі час заставаліся 54 населеныя пункты на тэрыторыі Віцебскай (Віцебскі, Шумілінскі, Аршанскі, Талачынскі, Полацкі, Верхнядзвінскі і Ушацкі раёны), Мінскай (Бярэзінскі) і Магілёўскай (Крычаўскі, Чавускі і Шклоўскі) абласцей. Зараз электразабеспячэнне спажыўцоў адноўлена.
Пацярпелых няма. Аварыйныя брыгады вядуць аднаўленчыя работы.