Алег Трусаў: Пакуль моладзь будзе размаўляць па-беларуску, наша мова ніколі не загіне
15.03.2012 / 22:08
Вечарам 15 сакавіка у мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбыўся другі этап агульнанацыянальнай дыктоўкі. Яна пісалася па хрэстаматыйным вершы Максіма Танка «Родная мова».
«Мы выбралі гэты дзень, — тлумачыць БелаПАН старшыня таварыства Алег Трусаў, — таму што якраз 15 сакавіка 1994 года была прынятая першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, дзе адзінай дзяржаўнай мовай была абвешчана беларуская. Таму мы ўжо пяты год ушаноўваем гэтую дату і праводзім другі этап агульнацыянальнай дыктоўкі менавіта ў гэты дзень».
«Мы далі магчымасць напісаць дыктоўку любому, хто хоча, — працягвае Трусаў. — Сёння ў нас людзей няшмат, але гэта ў асноўным моладзь, і вельмі добра, што яна не забываецца пра роднае слова. Пакуль моладзь будзе размаўляць па-беларуску, наша мова ніколі не загіне».
Трусаў паведаміў, што трэці этап дыктоўкі адбудзецца 23 сакавіка з нагоды 84-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі.