Дынько «забіраюць у армію»

Даведку пра гэта яму выдалі ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

19.03.2012 / 09:50

Фота Сяргея Гудзіліна.

Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько ўключаны ў спіс невыязных з Беларусі за «ўхіленне ад яўкі на мерапрыемствы па прызыве». Даведку пра гэта яму выдалі ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

38-гадовы Дынько — старшы лейтэнант запасу. Таму такая прычына адмовы на выезд — юрыдычны нонсэнс.
Не можа быць прызваны на службу той, хто ўжо звольнены ў запас. Аднак працэс абскарджвання праз суд зойме неклькі месяцаў. Пры гэтым ніякіх позваў у ваенкамат Дынько не атрымліваў.
Такую сама прычыну забароны на выезд вызначылі для былога палітвязня і кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэя Бандарэнкі.
Бандарэнка пацікавіўся ў ваенкамаце, што ўсё гэта значыць. «Мне адказалі, што ніякіх дзеянняў па маім прызыве ваенкамат не ажыццяўляў, што гэта наогул недарэчнасць, што гэтага не можа быць, і што я, афіцэр запасу, проста дуру галаву работнікам ваенкамата», — сказаў Бандарэнка.
Раней сталі вядомы прычыны забароны на выезд старшыні БАЖ Жанне Літвіной і старшыню Хельсінскага камітэта Алегу Гулаку.
У першым выпадку гэта «вінаватая па справе аб банкруцтве», у другім — «грамадзянскі пазоў супраць яго». Усяго ў спісе невыязных 108 чалавек, паведаміла парталу Тут.бай крыніца ў дзяржаўных структурах. У нядзелю стала вядома, што сярод гэтых 108-і — першы старшыня Вярхоўнага Савета незалежнай Беларусі прафесар Станіслаў Шушкевіч. Фактычна, закладнікамі зробленая вялікая група нацыянальнай эліты.

NN.BY