Помнік св. Сафіі Слуцкай будзе адкрыты ў Мінску на наступным тыдні
22.03.2012 / 10:26
Помнік святой праведнай Сафіі Слуцкай на тэрыторыі аднайменнага праваслаўнага прыхода ў Мінску (на плошчы Казінца) плануецца адкрыць 31 сакавіка,паведаміў настаяцель прыхода храма праведнай Сафіі Слуцкай айцец Анатоль Мазалеўскі.
На малебен і ўрачыстае адкрыццё помніка запрошаны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, а таксама ўвесь епіскапат БПЦ, прадстаўнікі гарадскіх і раённых улад.
Скульптура вышынёй больш за тры метры будзе ўстаноўлена каля ўваходу ў храм. Аўтар помніка — выпускнік мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Інькоў.
Таксама ў сталічным храме Сафіі Слуцкай завяршаецца размалёўка алтарнай часткі. Плануецца, што ўсё будзе гатова якраз да адкрыцця помніка.