Валеру Шчукіну – 70

22.03.2012 / 13:34

Сёння праваабаронца, журналіст, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання Валер Шчукін адзначае 70-годдзе.

Валер Шчукін 27 гадоў праслужыў у ваенна-марскім флёце, потым працаваў машыністам крана-трубаўкладчыка. У палітыку прыйшоў у 1995 годзе, калі ў якасці члена Партыі камуністаў Беларускай абраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання (у 1998 годзе быў выключаны з шэрагаў гэтай партыі).

Падчас канстытуцыйнага крызысу восені 1996-га Валер Шчукін стаў на бок абаронцаў Канстытуцыі, падпісаў зварот аб імпічменце Лукашэнку, удзельнічаў у спробах вярнуць Віктара Ганчара ў кабінет старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Валер Шчукін актыўна друкуецца ў незалежнай прэсе, займаецца праваабарончай дзейнасцю. За сваю грамадзянскую пазіцыю неаднаразова падвяргаўся судоваму пераследу, мае некалькі дзясяткаў адміністрацыйных арыштаў і тры крымінальныя прысуды.

Летась міліцыя затрымала людзей, якія прыехалі павіншаваць Валера Шчукіна з днём нараджэньня, а таксама самога Шчукіна, таму сёлета ён вырашыў святкаваць 70-годдзе ў Вільні.