МЗС Польшчы: «Праект «Кульчык-Сікорскі» не існуе»

МЗС Польшчы пракаментавала дакумент, які нібыта выцек з адміністрацыі Лукашэнкі.

22.03.2012 / 16:00

Улада, якая рэпрэсуе сваё ж грамадзтва, не зьяўляецца вартым даверу й надзейным партнэрам для перамоваў, заявілі Беларускай службе Польскага радыё ў прэс-бюро Міністэрства замежных справаў Польшчы. Такім чынам замежнапалітычнае ведамства ў Варшаве пракамэнтавала дакумэнт, які нібыта выцек з адміністрацыі Лукашэнкі. Як паведамлялася, у дакумэнце — пляне нарады з удзелам Лукашэнкі, між іншым, гаварылася пра «прапанову Польшчы ўзнавіць дыялёг», згадваўся таксама праект «Кульчык-Сікорскі».

МЗС Польшчы зазначае, што ўзнаўленьне поўнага палітычнага дыялёгу паміж Польшчай і Беларусьсю залежыць ад амністыцыі й рэабілітацыі палітычных вязьняў у Беларусі. «Праект «Кульчык-Сікорскі» не існуе», зазначае МЗС Польшчы. Зьнешнепалітычнае ведамства таксама падкрэсьліла, што польскі «Кульчык Холдынг» плянаваў вялікі інвэстыцыйны праект у энэргетычным сэктары ў Беларусі. «Аднак пасьля падзей 19 сьнежня 2010 году ўлады Беларусі стварылі ўмовы, якія практычна не дазваляюць рэалізаваць вялікія эўрапейскія інвэстыцыі ў краіне», зазначыла прэс-бюро Міністэрства замежных справаў Польшчы.