Макей ляціць у КНР

22.03.2012 / 21:22

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей плануе ў бліжэйшы час наведаць з візітам Кітайскую Народную Рэспубліку.

Як праінфармавалі ў адміністрацыі, 22 сакавіка Уладзімір Макей прыняў дэлегацыю міжнароднага аддзела Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая на чале з начальнікам 6-га бюро Цянем Юнсянам, якая знаходзіцца з дружалюбным візітам у Беларусі.

Бакі абмеркавалі далейшыя крокі па ўмацаванню адносін стратэгічнага партнёрства і рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў. Адбыўся абмен думкамі па шырокаму колу найбольш актуальных пытанняў міжнароднага парадку дня.

На сустрэчы быў разгледжаны ход падрыхтоўкі візіту кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ў Кітайскую Народную Рэспубліку па запрашэнню ЦК КПК. Як чакаецца, візіт будзе садзейнічаць далейшаму ўзмацненню давернага двухбаковага дыялога на вышэйшым і высокім узроўні. Значная частка візіту будзе прысвечана пытанням паскарэння рэалізацыі ўжо ўзгодненых праектаў, а таксама вызначэнню новых напрамкаў супрацоўніцтва ў эканамічнай і крэдытна-інвестыцыйнай сферах.