Любоў Кавалёва звярнулася да Лукашэнкі з просьбай аддаць ёй цела расстралянага сына

23.03.2012 / 20:53

Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага згодна з рашэннем Вярхоўнага суда, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай перадаць ёй цела сына.

Як паведаміла яна, замоўлены ліст з паведамленнем у Адміністрацыю прэзідэнта быў адпраўлены 22 сакавіка. Копія ліста накіравана па факсімільнай сувязі 23 сакавіка.

Нагадаем, афіцыйнае паведамленне Вярхоўнага суда аб тым, што прысуд у дачыненні да Кавалёва прыведзены ў выкананне, яго сям’я атрымала 17 сакавіка. Вечарам з праграмы навін тэлеканала ОНТ стала вядома, што расстраляны і другі асуджаны па справе аб тэрарызме, Дзмітрый Канавалаў.

Міжнародная супольнасць асудзіла чарговыя факты смяротнай кары ў Беларусі. З адпаведнымі заявамі выступілі вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц, генеральны сакратар Савета Еўропы Турбьёрн Ягланд і іншыя.