Правасуддзе па-беларуску
У Гомелі суд не задаволіў іск жанчыны, якую прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, пераблытаўшы яе з цёзкай па прозвішчы
28.03.2012 / 10:22
Суд Савецкага раёна Гомеля адмовіў жыхарцы абласнога цэнтра Людміле Міраненцы ў задавальненні іску аб спагнанні маральнай шкоды з раённай адміністрацыі.
Як паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, адміністрацыйная камісія пры адміністрацыі Савецкага раёна ў 2010 годзе незаконна аштрафавала жанчыну, а суд адмяніў гэтую пастанову. Поўная цёзка Людмілы Міраненкі парушыла правілы гандлю.
Аднак адміністрацыйная камісія не разабралася і прыцягнула да адказнасці невінаватую грамадзянку з-за поўнага супадзення пашпартных даных. Людміла Міраненка была аштрафаваная.
Жанчына паўгода спрабавала даказаць сваю невінаватасць. Яна звярнулася ў суд, і пастанова камісіі была адмененая. У пратаколе аб правапарушэнні супрацоўнікі камісіі сфальсіфікавалі асабісты подпіс Міраненкі, што пацвярджаецца заключэннем экспертызы.
Незаконнае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці, якое пацягнула прычыненне маральнай шкоды, жанчына ацаніла ў 10 млн. рублёў. "Фальсіфікацыя з боку камісіі зняважыла маю чалавечую і грамадзянскую годнасць, прымусіла мяне працяглы час адчуваць сваю безабароннасць перад самавольствам і ўсёдазволенасцю дзяржаўных органаў, усумніцца ў дзейснасці прынцыпу законнасці і справядлівасці. Я была ў роспачы і безвыходнасці. Мае маральныя пакуты выяўляюцца ў адчуванні трывогі, пастаяннага неспакою на працягу паўгода судовага разгляду і да моманту адмены незаконнай пастановы і спынення адміністрацыйнай справы", — напісала ісцец у скарзе ў суд.
Тым не менш суд палічыў, што жанчына не мае права на пакрыццё маральнай шкоды, бо яна не адбывала арышт, а ўсяго толькі была пакараная штрафам. "Толькі чалавек сам можа вызначыць, пацярпеў ён маральна, ці не, а не суд. Права грамадзяніна на кампенсацыю маральнай шкоды гарантаванае Канстытуцыяй. Рашэнні суда першай інстанцыі супярэчаць пастанове пленума Вярхоўнага суда "Аб практыцы ўжывання судамі заканадаўства, якое рэгулюе кампенсацыю маральнай шкоды", паколькі адказчык, з'яўляючыся дзяржаўным органам, незаконна прыцягнуў жанчыну да адміністрацыйнай адказнасці, што прычыніла ёй значную маральную шкоду", — пракаментаваў праваабаронца.
Ён дапамог Людміле Міраненцы скласці касацыйную скаргу ў Гомельскі абласны суд, дзе грамадзянка будзе абскарджваць рашэнне суда Савецкага раёна.