Грош цана

Рабіць з вайны крыніцу патрыятычных пачуццяў — амаральная справа. Піша Сяргей Ваганаў.

31.03.2012 / 18:03

Прамільгнула і зноў схавалася пад абвалам больш важкіх падзей абвестка аб тым, што за ўздым на Курган Славы пад Мінскам трэба будзе плаціць грошы: школьнікам 1500 рублёў, дарослым аж 3 тысячы.

Даведаўшыся пра гэта, я кінуўся шукаць старую фотку, хаця і так яна адразу ўзнікла перад вачыма: 1967 год, слізкая пад першай лістападаўскай шэранню гліністая зямля, недзе ззаду ўзвышаецца ўжо даволі вялізны капец, па якім коўзаецца бульдозер, а наперадзе мы, некалькі маладых журналістаў «Знамёнкі». Толькі што кожны з нас, стрымліваючы пачуцці ад удзелу ў захаванні народнай памяці, высыпаў на той капец вядро навезенага пяску. Трохі пазней мы дазналіся, што дзеля гэтага пяску, перамяшанага з глінай і дробнымі каменьчыкамі, была зрытая натуральны гара пад Смалявічамі, на якой узвышаліся рэшткі ці то старажытнай крэпасці, ці то царквы...

Старэйшы з нас — Ігар Садоўскі, вядомы на той час спартовы аглядальнік газеты. Ну, як старэйшы? Мо гадоў на 8—9. Разам з маці ён здолеў збегчы з Мінскага гета ў Налібоцкую пушчу, да партызан... Калі яго хавалі на пачатку 70-х, наперадзе неслі на чырвонай падушачцы партызанскі медаль. На пахаванні і памінках гаварылі, што Ігара дагнала вайна. Было неверагодна шчымліва...

Чаму ж сёння я не магу намацаць тую шчымлівую чалавечую сувязь паміж вайной, што дагнала Ігара, і тым вядром пяску, якое ён высыпаў разам з намі на патрыятычнае збудаванне?

Ці не таму, што з таго вядра пачало набіраць сваю фальшывую моц услаўленне быццам бы гераізму і мужнасці народа, а насамрэч — услаўленне ўлады, якая скарысталася пачуццямі людзей, іх памяццю дзеля свайго манументальнага ўсталявання, здавалася, на вякі...

Чаму ж сёння я не магу намацаць простую чалавечую сувязь паміж тым першым вядром і вайной, што даганяе апошніх яе ахвяр?

Ці не таму, што і сённяшняя ўлада, учапіўшыся, як ёй здаецца, у вечнасць, аж заходзіцца ў сутаргах афіцыйнага патрыятызму, які раве танкамі на парадах, танчыць пад рытмы гімна на плошчах і б’е галовамі цэглу ў дні немаведама якіх свят, лезе ў вочы псеўдапатрыятычнымі лозунгамі на дахах дамоў, фальшывымі выявамі звышзадаволеных жыццём, усмешлівых ветэранаў на так званых білбордах...

З дэманстрацыяй такога кшталту патрыятызму мы працягваем сутыкацца на кожным кроку. Нават Хатынь няўлоўным пераводам маральных стрэлак становіцца падставай для нейкай мазахісцкай фанабэрыі — у каго яшчэ было такое! Не гавару ўжо пра «лінію Сталіна»...

Наперадзе, безумоўна, Расія з яе нястрымным уздымам патрыятычнага духу. Але ж і лукашэнкаўская ўлада са сваімі прыхільнікамі працягвае лічыць усё расійска¬патрыятычнае родным, надзімаецца, як быццам і сёння распасціраецца «ад Буга да Курыл».

Гістарычная напышлівасць у той ці іншай меры ўласціва любой дзяржаве, вялікай асабліва. Але аднойчы мне здарылася наведаць у Вашынгтоне Музей амерыканскай гісторыі, дарэчы, бясплатны. Там поўна школьнікаў — без усялякіх экскурсіяў і ідэалагічнага прымусу яны вольна гуляюць па залах, пазнаюць гісторыю Амерыкі, ваенную ў тым ліку. Уявіць іх у якасці суб’ектаў «ваенна¬патрыятычнага выхавання» немагчыма. Упэўнены, што такога словазлучэння няма нідзе ў цывілізаваным свеце — настолькі відавочна вар’яцтва намаганняў выхоўваць патрыётаў на самазабойстве чалавецтва.

Я не лічу сябе спецыялістам па выхаванні патрыётаў, але ўпэўнены: рабіць з вайны, з яе крывавых параз і тым больш крывавых перамог крыніцу патрыятычных пачуццяў — амаральная справа...

...Нехта абураўся: як можна браць грошы, нават такія мізэрныя, за патрыятычны ўздым на вышыню «ўсенароднай славы»?!

Гістарычна курганамі пазначаюцца месцы старажытных пахаванняў.

Цяжка сказаць, калі пад «Курганам Славы» будзе назаўжды пахаваны так званы савецкі патрыятызм. Вельмі танны патрыятызм, катораму, раптам высветлілася, грош цана.

У адрозненне ад таго вядзерца жоўтага ўперамешку з глінай і дробнымі каменьчыкамі пяску, што падсыпаў некалі ў падмурак памяці Ігар Садоўскі, якога так хутка дагнала вайна...

Вядзерца, якому няма цаны.

Глядзець таксама:

Чорны пакет

Дразды праўлення

Невядомая гісторыя

Забаронцы Айчыны

Чорная дзіра

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru