У Глускім раёне пры загадкавых абставінах загінуў трактарыст

28.03.2012 / 14:46

У Глускім раёне каля вёскі Веснава 27 сакавіка паблізу перакуленага трактара быў знойдзены труп 54-гадовага трактарыста.

Як сказалі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці, вечарам 26 сакавіка пасля працы трактарыст СВК «Дружба» Глускага раёна паехаў дамоў на трактары. Паводле сведчанняў відавочцаў, мужчына ад’язджаў абсалютна цвярозы. Дарога дамоў ішла ўздоўж поля, дзе была выкапана меліяратыўная канава.

«Ён ехаў метраў за дзесяць-пятнаццаць ад канавы. У пэўны момант рэзка павярнуў у бок канавы. Трактар перакуліўся, ён з кабіны вылез.
На другім беразе канавы знайшлі яго куртку», — расказаў прадстаўнік ва ўпраўленні СК.

Следства мяркуе, што перад смерцю трактарыст пабываў на супрацьлеглым берагу канавы, бо там засталася яго куртка. Аднак цела мужчына ляжала на іншым беразе, побач з трактарам. Навошта трактарыст вярнуўся назад да трактара, застаецца загадкай.

Што менавіта стала прычынай смерці, высвятляецца. Цела было знойдзена толькі 27 сакавіка, пасля таго як родныя загінулага забілі трывогу.

«Калі яго дасталі, у арганізме была вада. Ёсць падазрэнне, што ён патануў, але прычына, чаму ён так зрабіў, яшчэ ўстанаўліваецца»,
 — адзначылі ва ўпраўленні СК.

Крымінальнага следу ў гэтым здарэнні не прасочваецца, дадаў прадстаўнік камітэта.