Эканамічны эфект ад самалячэння можа скласці 270 тыс. рублёў за дзень

Але найперш беларусаў трэба навучыць лячыцца самастойна.

29.03.2012 / 15:55

Дэкан фармацэўтычнага факультэта Віцебскага медуніверсітэта Валянціна Кугач прапануе заканадаўча замацаваць самалячэнне.

«Праведзеныя ў ВДМУ даследаванні паказалі, што эканомія ад таго, што чалавек самастойна і паспяхова пралячыўся, можа дасягаць 270 тыс. рублёў за дзень",
кажа Кугач.

Спецыялісты гэтай навучальнай установы правялі анкетаванне дактароў.

70% апытаных спакойна ставяцца да таго, што правізар дае пакупніку свае рэкамендацыі пры выбары прэпарата з безрэцэптурнага спіса. Аднак урачы прызнаюць, што ў Беларусі бракуе спецыяльных адукацыйных праграм па адказным самалячэнні.

Віцебскі медуніверсітэт праводзіць адпаведныя семінары для насельніцтва. Аднак пакуль іх наведвальнасць нізкая.

З сярэдзіны 2012 года Мінздароўя павялічыць кантроль за продажам у аптэках лекаў без рэцэпта. Разам з гэтым будуць распрацаваныя крытэрыі аднясення прэпарата да безрэцэптурнага.

На сённяшні дзень існуе праект пераліку лекаў, што могуць адпускацца без рэцэпта ўрача. У ім каля 1000 найменняў. Спіс будзе гнуткім. Праз пэўны час пры адсутнасці пабочных эфектаў яго могуць

папоўніць іншыя прэпараты.

Шырокая даступнаць лекаў не заўсёды ідзе на карысць пацыенту, адзначае Кугач. У Беларусі закон «Аб лекавых сродках» забараняе прадаваць медпрэпараты па-за аптэкамі, у тым ліку праз Інтэрнэт і па аб’явах.

Больш прымальны варыянт – аптэкі самаабслугоўвання, калі чалавек можа сам узяць з паліцы неабходныя лекі. Аднак перш чым адчыняць іх у Беларусі, варта вывучыць вопыт іншых краінаў. У Маскве, напрыклад, аптэкі самаабслугоўвання напачатку неслі значныя страты з-за крадзяжоў, кажа Кугач.